Яго знаюць. Я глядзела,
Як сёлы гарэлі,
Бачыла я — каты-ляхі
Трэсліся і млелі,
Як хто скажа пра Галайду.
Знаюць яны, знаюць,
Хто такі ён, і адкуль ён,
I каго шукае!..
Ён шукаў мяне й нарэшце
Адшукаў, саколік!
Прылятай жа, мой галубе,
Маё шчасце, доля!
Ох, як весела на свеце,
Хоць ідзі скакаці!
Цераз тыдзень, бабусенька...
Яшчэ тры дні ждаці,
Ох, як доўга!..»
«Заграбай, мама, жар, жар —
Будзе табе дочкі жаль, жаль...»
«Ох, як весела на свеце!
А табе, бабуся,
Ці весела?» — «Я табою,
Пташка, весялюся».
«А чаму ж ты не спяваеш?»
«Я ўжо адспявала...»
Зазванілі на вячэрню.
Аксана ўздыхала,
А чарніца памаліцца
У храм падыбала.
Цераз тыдзень ў Лебядзіне
У царкве спявалі:
«Ісаія, лікуй!»
Ранкам
Ярэму вянчалі;
А вечарам мой Ярэма
(От хлопец звычайны!),
Не злаваць каб атамана,
Пакінуў Аксану:
Ляхаў кончыць; з Залязнякам
Вяселле спраўляе
На Уманшчыне[68], ў пажарах.
Яна выглядае,—
Выглядае, ці не едзе
З баярамі ў госці —
Перавезці яе з келлі
Ў хату на памосце.
Не журыся, спадзявайся
Ды маліся богу.
А цяпер жа мне на Умань
Сцелецца дарога.
ГОНТА Ў УМАНІ
Хваліліся гайдамакі,
На Умань ідучы:
«Будзем драці, пане-браце,
З кітайкі анучы!»
Мінаюць дні, мінае лета,
А Украіна, знай, гарыць;
Галосяць дзеці неадзеты:
Бацькоў няма ўжо. Шалясціць
Лісцё пажоўклае ў дуброве;
Гуляюць хмары, сонца спіць;
Нідзе не чуць людское мовы;
Звер толькі вые за сялом,
Трупы грызучы. Не хавалі,—
Ваўкоў ляхамі гадавалі,