Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 64)
«Годзе, годзе! — крычыць Гонта.—
Годзе, пагасае.
Светла, дзеці!.. А дзе Лейба?
Дзе ён прападае?
Знайсці яго ды павесіць.
Пяцелька свіняча!
Гайда, дзеці! Пагасае
Каганец казачы!»
А Галайда: «Атамане!
Пагуляйма, татка!
Глядзі — гарыць, на базары
I відна, і гладка.
Патанцуем. Грай, кабзару!»
«Не хачу гуляці!
Агню, дзеці! Дзёгцю, клочча!
Гарматы давайце,
Даць агню у склепы, сховы!
Думаюць — жартую!»
Заравелі гайдамакі:
«Добра, бацька, чуем!»
Цераз грэблю павалілі,
Гукаюць, спяваюць.
А Галайда крычыць: «Бацька!
Стойце!.. Прападаю!
Пачакайце, не страляйце:
Там мая Аксана!
Часіначку, бацькі мае!
Я яе дастану!» —
«Добра, добра! Залязняча,
Давай знак страляці!
Годзе цацкацца з ляхамі...
А ты, мілы браце,
Знойдзеш іншую!»
Тут глянуў —
Галайды ні духу.
Равуць горы — дом з ляхамі
Пажарам забухаў
Каля хмар. Што засталося —
Пеклам запалала...
«Дзе Галайда?» — Максім кліча.
I следу не стала.
Пакуль малойцы танцавалі,
Ярэма з Лейбай не драмалі.
Пралезлі ў дом, у самы лёх.
Схапіў Аксану ў хвіліну
Ярэма з лёху і сам рынуў
У Лебядзін...
ЛЕБЯДЗІН
«Ой, сіротка я з Вільшаны,
Сірата, бабуся!
Бацьку ляхі замучылі,
А мяне... Баюся,
Баюся, галубка, успомніць!..
Узялі з сабою.
Не распытывай, бабулька,
Што было са мною.
Плакала ды наракала,
Гора сэрца рвала,
Слёзы сохлі, душа мёрла...
Ох, каб гэта знала,
Што яго йшчэ раз пабачу
Жывым і здаровым,—
Выцерпела б яшчэ болей
За адно хоць слова!
Выбачай, мая галубка!