Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 62)
Сядзіць адзін ды думае:
«Дзе мая Аксана?
Дзе яна, мая галубка
Бяскрылая, плача?»
Цяжка яму!
А з-пад яру
Ў кірэі казачай
Хтось крадзецца.
«Хто такі ты?» —
Галайда пытае.
«Пасланец я пана Гонты.
Няхай пагуляе —
Я пажду».
«Не, не дажджэшся,
Жыдоўскі сабака!»
«Хавай божа, які я жыд?
Бачыш? Гайдамака!
Вось капейка... Прыглядзіся...
Хіба ты не знаеш?»
«Знаю, знаю!» — і свянцоны
З халявы вымае.
«Прызнавайся, жыд лукавы,
Ты прывёў у Млееў
Да ктытара ляхаў п’яных.
Я, Лейба, не ўмею
Жартаваці. Я — Ярэма,
Твой найміт паганы.
Ці ж не пазнаў? Прызнавайся...
Дзе мая Аксана?» —
Дый замахнуўся.
«Крый божа!..
Ў палацы... з панамі...
У золаце ўся...»
«Выручай жа!
Выручай, пракляты!»
«Добра, добра... Які ж бо вы,
Ярэма, заўзяты!
Іду зараз і выручу:
Грошы мур ламаюць.
Скажу ляхам: заместа Паца...»
«Добра, добра! Знаю,
Хутчэй ідзі!»
«Зараз, зараз!
Гонту забаўляйце,
З паўчасіны, а няхай там!
Ідзіце ж, гуляйце!..
Куды везці?»
«У Лебядзін[67]!
У Лебядзін,— чуеш?»
«Чую, чую».
I Галайда
З Гонтаю танцуе.
А Залязняк бярэ кобзу:
«Патанцуй, кабзару!
Я зайграю».
Наўпрысядкі
Сляпы па базару
Адбівае пасталамі,
Дадае славамі:
«На гародзе пастарнак, пастарнак;
Ці ж табе я не казак, не казак?
Ці ж цябе я не люблю, не люблю?
Ці ж табе я чаравічкаў не куплю?
Куплю, куплю, чарнабрыва,
Куплю, куплю таго дзіва.