Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 60)
Часіны ліхое.
Паляглі ўсе, ўсе покатам:
Ні душы жывое
Не засталася ў Лісянцы.
А пажар удвое
Разгарэўся, распаліўся
Да самае хмары.
А Галайда, знай, гукае:
«Кары, ляхам, кары!»
Як шалёны, мёртвых рэжа,
Вешае з запалам.
«Дайце ляха, дайце жыда!
Мала іх мне, мала!
Дайце ляха, крыві дайце
Натачыць з паганых!
Крыві мора... Мала мора!..
Аксана! Аксана!
Дзе ты?» — крыкне і знікае
Ў полымі, ў пажары.
А тым часам гайдамакі
Сталы ўздоўж базару
Паставілі, нясуць страву,
Ды што дзе папалі,
Засветла каб павячэраць.
«Гуляй!» — загукалі.
Вячэраюць, а кругом іх
Пекла чырванее.
Павешаныя у пажары
На кроквах чарнеюць
Паноў трупы. Гараць кроквы
I падаюць з імі.
Піце, дзеці!
«Піце, дзеці!
З панамі такімі
Можа, йшчэ раз сусрэнемся,
Йшчэ раз пагуляем!»
I з паўгарца адным духам
Залязняк куляе.
«За праклятых вашых трупаў
I за душ праклятых
Шчэ раз вып’ю!
Піце, дзеці!
Вып’ем, Гонта, браце!»
«Вып’ем, дружа, пагуляем
Удваёчку, ў пары.
А дзе ж Волах? Заспявай жа
Нам, стары кабзару!
Не пра дзедаў, бо не горай
Мы ляхаў караем,
Не пра ліха,— бо яго мы
Не зналі й не знаем.
Вясёлую ўтні нам, старча,
Каб зямля трашчэла,—
Пра ўдавіцу-маладзіцу,
Як яна цярпела».
Кабзар
(грае і прыпявае)
«Ад сяла да сяла
Танцы ды музыкі:
Курку, яйкі прадала,
Маю чаравікі!
Ад сяла да сяла
Буду танцаваці:
Ні каровы, ні вала —
Сама адна ў хаце.