18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 6)

18
Ці ж вінна галубка, што голуба любіць? Ці ж вінен той голуб, што сокал забіў? Сумуе, варкуе, белым светам нудзіць, Лётае, шукае, думае — зблудзіў. Шчасліва галубка: высока лятае, Памчыцца да бога — мілога пытаць. Каго ж сіраціна, каго запытае? I хто ёй раскажа, і хто тое знае, Дзе мілы начуе: ці ў цёмным гаю? Ці ў быстрым Дунаі ён коніка поіць? Ці, можа, з другою, другую кахае, Яе, чарнабрыву, забыўся ўжо з тою? Каб ёй прыдаліся арліныя крылы — За сінім бы морам мілога знайшла; Жывога б любіла, другую забіла, А да нежывога — у яму б лягла. Не так сэрца любіць, каб з кім падзяліцца, Не так яно хоча, як бог нам дае; Яно жыць не хоча, не хоча журыцца. А думка — «журыся!» жалю задае. О божа, такая, мабыць, твая воля, Такое яе ўжо і шчасце і доля!       Яна ўсё ходзіць, з губ ні пары. Шырокі Днепр не гаманіць; Разбіўшы вецер чорны хмары, Лёг каля мора адпачыць. А з неба месяц так і ззяе; І над вадою, і над гаем — Кругом, бы ў вуху, ўсё маўчыць... Аж бульк!.. З Дняпра павыныралі Малыя дзетачкі вясёла. «Хадзема грэцца! — закрычалі. Зайшло ўжо сонца!» А ўсе голы, З асокі косы (бо дзяўчаты). — Ці ўсе вы тутка? — кліча маці.— Хадзем вячэраць пашукаці. Паскачэма, пагуляйма Ды песеньку заспявайма:       «Ух, ух! Саламяны дух, дух! Мяне маці спарадзіла, Нехрышчону палажыла. Месячык! Галубочак! На вячэру хадзі ў госці; У нас казак у чароце, У чароце, у асацэ, Срэбны персцень на руцэ; Маладзенькі, чарнабровы,— Знайшлі ўчора ля дубровы. Свяці доўга ў чыстым полі, Нагуляцца каб даволі! Пакуль ведзьмы йшчэ лятаюць, Пакуль пеўні не спяваюць, Пасвяці нам!.. Вунь штось ходзіць! Вунь пад дубам штось там робіць!       Ух, ух! Саламяны дух, дух! Мяне маці спарадзіла, Нехрышчону палажыла».       Зарагаталі нехрышчоныя... Гай абазваўся: галас, крык — Арда бы рэжа. Бы шалёныя, Лятуць да дуба... і ні пік!..