Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 57)
Забудзе... і можа...
У жупане — сама пані.
А лях... божа, божа!
Карай пеклам маю душу,
Вылі мукі мора,
Разбі кару нада мною,
Ды не такім горам
Карай сэрца! Разарвецца,
Хоць было б як камень!
Доля мая, маё сэрца!
Аксана! Аксана!
Дзе ты дзелася, прапала?»
I хлынулі слёзы —
Драбнюткія паліліся.
Скуль яны ўзяліся?
А Залязняк гайдамакам
Кажа запыніцца:
«У лес, хлопцы! Бо світае
I коні прысталі:
Папасём іх!» I ціхенька
На папаску сталі.
ГУПАЛАЎШЧЫНА
Зайшло сонца, Украіна —
Дзе палала, тлела,
А дзе шляхта, запёршыся,
У будынках млела.
Скрозь па сёлах шыбельніцы;
Навешана трупаў —
Толькі старшых, а так шляхта —
Валяецца гуртам.
На вуліцах, на расстанях
Сабакі, вароны
Грызуць шляхту, клююць вочы —
Ніхто не бароніць...
Дый некаму: засталіся
Дзеці ды сабакі —
Жанкі нават з качаргамі
Пайшлі ў гайдамакі.
Вось было якое ліха
Па ўсёй Украіне!
Горш ад пекла... А завошта,
За што людзі гінуць?
Таго ж бацькі, тыя ж дзеці —
Жыць бы ды братацца.
Не, не ўмелі, не хацелі —
Трэба раз’яднацца!
Крыві трэба, крыві братняй,
Бо зайздрасць, што ў брата
Ё ў каморы і на полі,
I поўная хата.
«Заб’ём брата! Спалім хату!» —
Сказалі, зрабілі.
Ўсё б, здаецца!.. Не, на кару
Сіротаў пусцілі.
Раслі ў слёзах, дый выраслі;
Замучаны рукі
Развязаліся — й кроў за кроў,
I мукі за мукі!
Баліць сэрца, як успомніш:
У крыві заліты
Славян дзеці. А хто вінен?
Ксяндзы, езуіты!..
Вандравалі гайдамакі
Ярамі, лясамі,
А за імі і Галайда