«Ці ўсе, дзеці?»
«Усе, бацька!»
«Гайда!»
Паняслася
Па дуброве, па-над Днепрам
Казачча ватага.
А за імі кабзар Волах
З кобзаю з павагай
На коніку кавыляе,
Казакам спявае:
«Гайдамакі, гайдамакі!
Залязняк гуляе».
Паехалі... а Чаркасы
Палаюць, палаюць.
Палайце! Ніхто й не гляне.
Смяюцца, ды лаюць
Панкоў-шляхту, і гамоняць,
Кабзара марочаць.
Залязняк жа насам перад
Пільна вухам сочыць;
Едзе сабе, люльку курыць,
Нікому ні слова.
А за ім нямы Ярэма...
Зялёна дуброва,
I гай цёмны, і Днепр дужы,
Высокія горы,
Неба, зоры, дабро, людзі
I лютае гора —
Ўсё прапала, ўсё! Нічога
Не знае, не бача,—
Як забіты. Яму цяжка,
Цяжка, а не плача.
Крыважадная гадзюка
Смагла выпівае
Яго слёзы, душу давіць,
Сэрца раздзірае.
«Ой вы, слёзы, дробны слёзы,
Вы змыеце гора,
Змыйце яго... Цяжка, нудна!
I сіняга мора,
I Дняпра, каб гора выліць,—
I Дняпра не стане!
Загубіці хіба душу?
Аксана! Аксана!
Дзе ты? Дзе ты? Адгукніся,
Мая ты ядына!
Паглядзі ты на Ярэму!
Дзе ты? Можа, гіне;
Можа, цяжка кляне долю,
Кляне, умірае
Або ў пана у кайданах
У склепе канае!
Мо Ярэму ўспамінае,
Родную Вільшану,
Кліча яго: «Маё сэрца,
Абымі Аксану!
Абымемся, мой саколе!
Навекі замлеем.
Няхай здзекуюцца ляхі,
Не пачуем!..» Вее,
Вее вецер з-за Ліману,
Гне таполю ў полі —
I дзяўчына пахінецца,
Куды гне нядоля,
Пасумуе, пажурыцца,