Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 55)
Гайдамакі. Ярэма йдзе,
Залязняк гукае:
«Чуеш, хлопча? Хадзі сюды!
Хадзі, не спужаю!»
«Не баюся!» Зняўшы шапку,
Стаў, як перад панам.
«Скуль ты будзеш? Хто такі ты?»
«Я, пане, з Вільшаны».
«З той Вільшаны, дзе ктытара
Псы замардавалі?»
«Дзе? якога?»
«У Вільшане...
I кажуць, што ўкралі
Яго дочку, калі знаеш».
«Дочку... У Вільшане?»
«У ктытара, калі ведаў».
«Аксана! Аксана!» —
Ледзьве вымавіў Ярэма
Дый бухнуўся долу.
«Эге! Вось што!.. Шкода хлопца!
Праветры, Мікола!»
Праветрыўся. «Бацька! браце!
Ах, каб быў старукі!..
Дайце нож мне! дайце сілу!
Мукі ляхам! мукі!
Мукі страшнай, каб аж пекла
Траслося ды млела!»
«Добра, сыне! Нажы будуць
На святое дзела.
Хадзем з намі у Лісянку[62]
Нажы гартаваці!»
«Хадзем, хадзем, атамане,
Бацька ты мой, браце
Мой ядыны! На край свету
Паляту, дастану,
З пекла вырву, атамане!..
На край свету, пане...
На край свету, ды не ўбачу,
Не знайду Аксаны!»
«Можа, й знойдзеш. А цябе як
Завуць? — я не знаю».
«Ярэмаю».
«А прозвішча?»
«Прозвішча не маю!»
«Байструк хіба? Без прозвішча...
Запішы, Мікола,
У рэестр! Няхай будзе...
Няхай будзе Голы!
Так і пішы!»
«Не, пагана!»
«Ну, хіба Бядою?»
«I не тое».
«Пачакай во:
Пішы Галайдою[63]!»
Запісалі.
«Ну, Галайда,
Паедзем гуляці!
Знойдзеш долю... А не знойдзеш...
Ну, хлопцы, сядлайце!»
I Ярэме каня далі
Лішняга з абозу.
Усміхнуўся на гнядошы
Ды ізноў у слёзы.
Выехалі за вароты —
Палаюць Чаркасы...