Штодзень Украйну катавалі
Крывава ляхі; йшчэ адзін,
Адзін астатні сумавалі
I Украіна, і Чыгрын.
I той мінуў, дзень макавея,
Украйны свята і надзея.
Мінуў... I лях, і жыдавін
З крывёй гарэлку выпівалі,
Клялі схізмата, распіналі,
Клялі, што нечага ўжо ўзяць.
А гайдамакі моўчкі ждалі,
Пакуль паганцы лягуць спаць.
Ляглі — і ў голавы не клалі,
Што ўжо ім заўтра не ўставаць.
Заснулі ляхі ўжо, а Юды
Йшчэ лічаць грошы уначы,
Ўпацёмку лічаць барышы,
Каб не пабачылі, бач, людзі.
На золата й яны ляглі
I сном нячыстым задрамалі.
Дрэмлюць... Каб навекі яны задрамалі!
А тым часам месяц плыве аглядаць
I неба, і зоры, і зямлю, і мора,
Ды на людзей глянуць, на іх долю, гора,
Каб раніцай богу гэта расказаць.
Свеціць белаліцы на ўсю Украіну,
Свеціць, а ці бачыць маю сіраціну,
Аксану з Вільшаны, сірату маю?
Дзе яе катуюць, дзе яна варкуе?
Ці знае Ярэма? Ці знае, ці чуе?
Пабачыма потым... А цяпер спяю,
Не тую — другую, іншую зайграю;
Ліха — не дзяўчаты — будзе танцаваць.
Нядолю спяваю казацкага краю!
Слухайце ж, каб дзецям потым расказаць,
Каб і дзеці зналі,— ўнукам расказалі,
Як казакі шляхту цяжка пакаралі
За то, што не ўмела ў дабры панаваць.
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Цякла, цякла дый высахла.
Стэпы зелянеюць;
Дзяды ляжаць, а над імі
Магілы сінеюць.
Што з таго, што высокія?
Ніхто іх не знае,
Ніхто шчыра не заплача
I не ўспамінае.
Толькі вецер ціхусенька
Павее часамі,
Толькі росы ранюсенька
Дробнымі слязамі
Іх умыюць. Сонца ўзыдзе,
Асушыць, прыгрэе...
Ну, а ўнукі? Ім хоць бы што —
Жыта сабе сеюць!
Багата іх, а хто скажа,
Дзе Гонты магіла?
Дзе мучаніка схавала
Варожая сіла?
Залязняк дзе з душой шчырай,
Дзе адпачывае?
Цяжка-цяжка! Кат пануе,