Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 51)
Так благачынны пачынаў:
Кругом святога Чыгірына
Пастане варта з таго свету,
Не дасць святога распінаць.
А вы Украіну трымайце:
Не дайце мацеры, не дайце
Ў руках у ката прападаць!
Ад Канашэвіча[51] і досюль
Пажар не гасне, людзі мруць,
Гніюць у турмах, ласкі просяць...
Дзеці няхрышчаны растуць,
Казаччы дзеці; а дзяўчаты!..
Зямлі казацкае краса
У ляха вяне, як перш маці,
I непакрытая каса
Сячэцца стыдам... Кары вочы
Ў няволі гаснуць, раскаваць
Казак сястру сваю не хоча,
Сам не сароміцца канаць
У ляха ў путах... Гора, гора!
Маліцесь, дзеці! Страшны суд
Ляхі на Ўкраіну нясуць —
I чорныя заплачуць горы.
Успомніце сваіх гетманаў:
Дзе іх магілы? Дзе ляжыць
Астанак слаўнага Багдана[52]?
Дзе Остраніцына[53] стаіць
Хоць бы убогая магіла?
Дзе Налівайкава? Няма!
Жывога й мёртвага спалілі.
Дзе той Багун[54], дзе та зіма?
Інгул штозіму замярзае —
Багун не ўстане загаціць
Шляхоцкім трупам. Лях гуляе!
Няма Багдана чырваніць
I Жоўты Воды й Рось Зялёну[55].
Сумуе Корсунь старадзённы:
Няма журбу з кім падзяліць.
I Альта плача: «Цяжка ў свеце!
Я сохну, сохну... Дзе Тарас?[56]
Няма, не чуць... Не ў бацьку дзеці!
Не плачце, брація: за нас
I душы праведных, і сіла
Архістратыга Міхаіла[57].
Не за гарамі кары час.
Маліцесь, брація!»
Спяшылі
Маліцца шчыра буяны,
Як дзеці госпада малілі,
Гадалі тое... а здабылі —
Над казакамі курганы!
Адно дабро, адна слава —
На крыжы хусціна,
Дый ту знімуць...
А дыякан:
«Няхай вораг гіне!
Во нажы вам! Пасвянцілі».
Званы загудзелі;
Равегаем: «Пасвянцілі!»
Ажно сэрца млее.
Пасвянцілі! пасвянцілі!
Гіне шляхта! гіне!
Разабралі, заблішчалі
Па ўсёй Украіне.
ТРЭЦІЯ ПЕЎНІ