18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 48)

18

Старшына першы

Ціха! замаўчэце! Здаецца, звоняць!

Старшына другі

Ды не, гэта людзі гамоняць.

Старшына першы

Гамоняць, пакуль ляхі пачуюць. Ох, старыя галовы ды разумныя! Мудруюць, мудруюць, дый зробяць з лемяша швайку! Дзе можна лантух[47], там торбы не трэба. Купілі хрэну — трэба з’есці; плачце, вочы, хоць павылазьце: бачылі, што куплялі; грошам не прападаць! А то думаюць, думаюць, ні ўголас, ні моўчкі, а ляхі здагадаюцца — вось табе і пшык! Што там за рада? Чаму яны не звоняць? Чым спыніш народ, каб не гаманіў? Не дзесяць душ, а, дзякуй богу, уся Сміляншчына, калі не ўся Украіна. Во, чуеце, спяваюць.

Старшына трэці

Сапраўды, спявае штось. Пайду спыню.

Старшына першы

Не спыняй! Няхай сабе спявае, абы не голасна.

Старшына другі

Гэта, мабыць, Волах[48]! Такі не выцерпеў стары дурань: трэба, дый годзе!

Старшына трэці

А мудра спявае! Калі не паслухаеш, усё іншую. Падкрадземся, браткі, ды паслухаем, а тым часам зазвоняць.

Старшына першы і другі

А што ж? То й хадзема!

Старшына трэці

Добра, пойдзем!

(Старшыны цішком сталі за дубам, а пад дубам сядзіць сляпы кабзар; кругом яго запарожцы і гайдамакі. Кабзар спявае з павагай і няголасна.)

«Ой, волахі, волахі! Вас засталося трохі, I вы, малдаваны, Цяпер вы не паны: Вашы гаспадары — Найміты ў татараў, У турэцкіх султанаў. У кайданах, ў кайданах! Годзе ж, не журыцца! Шчыра памаліцца, Братайцеся з намі, З намі, казакамі; Успомніце Багдана, Старога гетмана; Будзеце панамі, Ды, як мы, з нажамі, З нажамі святымі, Ды з бацькам Максімам Ночку пагуляем, Ляхаў пагайдаем, Ды так пагуляем, Што аж пекла засмяецца, Зямля затрасецца, Неба запалае... Добра пагуляем!»

Запарожац

Добра пагуляем! Праўду стары спявае, калі не брэша. А што з яго за кабзар быў бы, каб ды не волах!

Кабзар

Ды я й не волах — так толькі: быў калісьці на Валошчыне[49], а людзі і завуць Волахам — сам не знаю, за што.

Запарожац

Ну і надарэмна. Іграні яшчэ якую-небудзь! Ану пра бацьку Максіма зажар.

Гайдамака

Ды не голасна, каб не пачуў старшына.

Запарожац

А што нам ваш старшына? Пачуе, дык паслухае, калі мае чым слухаць, дый годзе! У нас адзін старшы — бацька Максім; а ён як пачуе, то ішчэ карбаванца дасць. Спявай, старча божы, не слухай яго.

Гайдамака

Ды яно так, чалавеча. Я гэта й сам знаю, ды вось што: не так паны, як падпанкі, або — пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Запарожац

Брахня! Спявай, старча божы, якую знаеш, а то й звона не дачакаемся — паснем.

Разам

Папраўдзе, паснем. Спявай якую-небудзь!

Кабзар (спявае)

      «Ой, лётае арол сізы Аж пад аблакамі. Ой, гуляе Максім-бацька Стэпамі, лясамі.