18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 46)

18
                           У печы палае Агонь і свеціць на ўсю хату. Сабакай у кутку дрыжыць Пракляты жыд. Канфедэраты Крычаць ктытару: «Хочаш жыць? Скажы, дзе грошы?»                                Той маўчыць. Пастронкамі скруцілі рукі, Аб землю ўдарылі... Няма, Няма ні слова. «Мала мукі! Давайце прыску! Дзе смала? Крапі яго! Так! Халадзее? Хутчэй жа прыскам пасыпай! Што? Скажаш, шэльма?.. I не стогне! Заўзяты, бестыя! Чакай!..» Насыпалі ў халяву жару... «Цвічок у цемя забівай!» Не выцерпеў святое кары, Упаў няшчасны — прападай Душа без споведзі святое! «Аксана... дочка!» — дый сканаў. Зірнулі ляхі з неспакоем, Хоць заядлыя. «Якую ж нам Цяпер даць раду? Памяркуем. Цяпер з ім нечага рабіць. Запалім цэркву!»                          «Гвалт! Ратуйце! Хто ў бога веруе!» — крычыць На дварэ голас у бяссіллі. Уздрыгнулі ляхі: «Хто такі?» Аксана ў дзверы: «Ах, забілі!» Дый пала крыжом. Старшы з іх Махнуў рукою на грамаду. Панура шляхта, бы харты, За дзверы выйшла. Сам жа ззаду Бярэ самлелую...                        Дзе ж ты, Ярэма, дзе ты? Падзівіся. А ён, вандруючы, спявае, Як Налівайка[40] з ляхам біўся. Прапалі ляхі, нежывая Прапала з імі і Аксана. Сабакі там-сям ля Вільшаны Загаўкаюць дый замаўчаць. Бялее месяц. Людзі спяць. I ктытар спіць... Не рана ўстане: Навекі, праведны, заснуў. Святло гарэла, пагасала, Пагасла... Мёртвы бы ўздрыгнуў, I сумна, сумна ў хаце стала.

СВЯТА Ў ЧЫГІРЫНЕ

Гетманы, гетманы, ой, каб жа вы ўсталі, Усталі, паглядзелі на той Чыгірын, Што вы будавалі, дзе вы панавалі! Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі Казацкае славы ўбогіх руін.       Базары, дзе войска, як морам чырвоным, Перад бунчукамі, бывала, гарыць, А яснавяльможны на кані шыкоўным Блісне булавою — мора закіпіць...       Закіпіць — і разлілося Стэпамі, ярамі. Ліха млее перад імі... А за казакамі... Дый казаць што?.. Мінулася.