Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 44)
Адна, сэрца, на ўсім свеце
Хоць ты памаліся!»
Дый заплакаў гарапашны,
На кій пахіліўся.
Плача сабе ціхусенька...
Шалесць!.. Калі глянуў:
Каля гаю, як ласачка,
Крадзецца Аксана.
Забыў, пабег, абняліся...
«Сэрца!» — дый самлелі.
Доўга, доўга толькі — «Сэрца!» —
Дыў ізноў нямелі.
«Годзе, пташка!» — «Яшчэ трошкі,
Яшчэ... сізакрылы!
Душу вымі!.. Йшчэ раз... йшчэ раз...
Як мяне ўтаміла!»
«Адпачынь, мая ты зорка!
Ты з неба зляцела!»
Паслаў світку. Як ясачка,
Ўсміхнулася, села.
«Сядай жа й ты каля мяне!»
Сеў дый абняліся.
«Сэрца маё, мая зорка,
Як я занудзіўся!»
«Замарудзіла я сёння:
Бацьку штось змарыла,—
Яго ўвесь час даглядала...»
«А мяне й забыла?»
«Ах, які ты, ей жа богу!»
I слёзка бліснула.
«Не плач, сэрца, я жартую».
«Жарты!»
Усміхнулась.
Прыхілілася галоўкай
Дый нібы заснула.
«Бач, Аксана, я жартую,
А ты ўпраўду плачаш.
Ну, не плач жа, на мяне глянь:
Заўтра не пабачыш.
Заўтра буду я далёка,
Далёка, Аксана...
Заўтра ўночы ў Чыгірыне[39].
Свянцоны дастану;
Срэбра-золата ён дасць мне,
Дасць ён мне і славу;
Адзену цябе, абую,
Пасаджу, як паву,—
На пасадзе, як гетманку,
Буду любавацца...
Пакуль не ўмру — любавацца».
«А можа й так стацца:
Разбагацееш, у Кіеў
Паедзеш з панамі,
Шляхцяначку сабе знойдзеш,
Забудзеш Аксану!»
«Няўжо ёсць дзе прыгажэйша?»
«Стрэнешся мо й з лепшай».
«Гневіш бога, маё сэрца:
Няма прыгажэйшай!
Ні на небе, ні за небам,
Ні за сінім морам —
Няма больш, як ты, прыгожай!»
«Што гэта гаворыш?
Апомніся!»
«Праўду, рыбка!»