Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 37)
Ў думках разважаю:
Каго прасіць? Павядзе хто?
На дварэ світае,
Пагас месяц, гарыць сонца,
Гайдамакі ўсталі,
Памаліліся, паелі,
Вокал мяне сталі.
Сумна гэтая грамада
Голавы схіліла:
«Багаславі,— кажуць,— бацька,
Пакуль маем сілу!
Багаславі шукаць долю
На шырокім свеце».
«Пачакайце!.. Свет — не хата,
Вы ж малыя дзеці,
Куды йсці вам? Хто важатым
Пойдзе перад вамі?
Павядзе хто? Гора, дзеці,
Горанька мне з вамі!
Выпесціў вас, выгадаваў,
Выраслі нямала,
Ў людзі йдзеце, бо цяпер там
Ўсё пісьменным стала.
Выбачайце, што не выўчыў,
Бо й мяне хоць білі,
Добра білі, а багата
Чаму навучылі!
Тма, мна — знаю, а оксію[23]
Не ўцямлю і досюль.
Што ж вам скажуць? Хадзем, сыны,
Хадзема папросім!
Ёсць у мяне шчыры бацька[24]
(Роднага не маю) —
Ён жа дасць мне раду з вамі,
Бо сам добра знае,
Як цяжка блукаць па свеце
Сіраце без роду;
Душа шчырая на тое,
Казацкага роду!..
Не адрокся таго слова,
Што маці спявала,
Як малога спавівала,
З малым размаўляла;
Не адрокся таго слова,
Што пра Украіну,
Сумуючы, сляпы старац
Спявае пад тынам.
Любіць яе, думу праўды,
Казацкую славу,
Любіць яе! Хадзем, сыны,
За радай ласкавай!
Каб не ён спаткаў мяне так
Пры ліхой часіне,
Даўно б дасюль пахавалі
Ў снезе на чужыне;
Пахавалі б дый сказалі:
«Так... нешта пустое...—
Цяжка тужыць, як не знаеш
За што, за якое.
Мінулася, хай не сніцца!..
Пойдзема гуляці!
Калі мне ён на чужыне
Не даў прападаці,
То й вас прыме, прывітае
Як роднага сына.