Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 36)
I ўсе ў золаце гетманы.
У маю хаціну
Прыйшлі, каля мяне селі
I пра Украіну
Гутараць, апавядаюць,
Як Сеч будавалі,
Як казакі на байдаках
Парогі міналі;
Як гулялі ў сінім моры,
Грэліся ў Скутары[20],
Ды як, люлькі закурыўшы,
Ў Польшчы на пажары,
Вярталіся на Ўкраіну;
Як банкетавалі:
«Грай, кабзару! Лі, шынкару!» —
Казакі гукалі.
Шынкар знае, налівае
I не азірнецца;
Кабзар выцяў, а казакі —
Аж Хорціца[21] гнецца —
Мяцеліцу ды гапак той
Гуртам адбіваюць;
Куфаль ходзіць, пераходзіць,
Так і высыхае.
«Гуляй, пане, без жупана!
Гуляй, вецер, полем!
Грай, кабзару, лі, шынкару,
Покі ўстане доля!»
Падбачэніўшыся, ў скокі
Дзецюкі з дзядамі:
«Во так, дзеці! Добра, дзеці!
Будзеце панамі!»
Атаманы на банкеце,
Бы прыйшлі на раду,
Пахаджаюць, размаўляюць...
Важная грамада
Ударыла, не ўцярпела
Старымі нагамі.
Я дзіўлюся, паглядаю,
Смяюся слязамі.
Дзіўлюся, смяюся, слёзы ўжо ўціраю...
Я не адзінокі, ёсць з кім век дажыць!
У маёй хаціне, бы ў стэпу без краю,
Казацтва гуляе, байрак[22] гаманіць;
У маёй хаціне сіне мора грае,
Магіла сумуе, таполя шуміць,
Ціхусенька Грыца дзяўчына спявае —
Я не адзінокі, маю з кім я жыць!
Во маё дзе дабро, грошы,
Слава і парада!
А за вашу раду — дзякуй,
Здрадніцкую раду!
Пакуль жыў я, з мяне хопіць
I мёртвага слова,
Выліваць каб журбу, слёзы...
Бывайце здаровы!
Пайду сыноў праважаці
Ў дальнюю дарогу.
Хай сабе йдуць! Можа, знойдуць
Казака старога,
Што прыгорне маіх дзетак
Старымі слязамі.
Хопіць з мяне. Скажу йшчэ раз:
Пан я над панамі!
Вось так, седзячы на лаве,