Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 35)
Дый кінуць пад лаву.
«Няхай,— скажуць,— спачываюць,
Пакуль бацька ўстане,
Ды па-нашаму раскажа
Пра сваіх гетманаў;
А то баіць байкі, дурань,
Мёртвымі славамі.
Ды якогась там Ярэму
Вядзе перад намі
У пастолах. Дурань! дурань!
Білі, а не ўчылі.
Ад казацтва, ад гетманства
Курганы-магілы —
Больш нічога не пабачыш,
I іх разрываюць;
А ён хоча, каб слухалі,
Як старцы спяваюць.
Дарма праца, пане-браце:
Калі хочаш грошай,
Ды йшчэ славы, таго дзіва,
Спявай пра Матрешу,
Пра «Парашу, радость нашу»,
Султан, паркет, шпоры.
Во дзе слава! А то пяе:
«Грае сіне мора».
А сам плача; за табою
I твая грамада
У сярмягах!..» Праўда, мудры!
Дзякую за раду!
Кажух цёплы, толькі шкода —
Не на мяне шыты,
Разумнае ж ваша слова
Брахнёю падбіта.
Выбачайце!.. Хоць крычыце,
Не пайду за вамі.
Дый да сябе не паклічу:
Вы людзі з мазгамі,
А я дурань; сам сабе я,
З сваёю журбою,
Заспяваю і паплачу,
Як дзіця малое.
Заспяваю — мора грае,
Вецер павявае,
Стэп чарнее, і магіла
З ветрам размаўляе.
Заспяваю — раскрылася,
Бы гара, магіла;
Аж да мора запарожцаў
Безліч стэп укрыла;
На вараных атаманы
Перад бунчукамі[19]
Зіхацяцца... А парогі
Паміж чаратамі
Равуць, стогнуць, зазлавалі,
Страшнае спяваюць.
Паслухаю, пажуруся
I старых спытаю:
«Што сумуеце, бацькі, так?»
«Нявесела, сыне!
Дняпро на нас раззлаваўся,
Плача Украіна...»
I я плачу. А тым часам
Пышнымі радамі
Выступаюць атаманы,
Сотнікі з панамі