Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 34)
I дурань, і мудры нічога не знае.
Жыве... умірае... Адно зацвіло,
Другое завяла, навекі завяла...
Пажоўклае лісце вятры разняслі,
А сонейка ўстане, як перш уставала;
Чырвоныя зоры, як і перш плылі,
Паплывуць і потым... I ты, белаліцы,
Па сіняму небу выйдзеш пагуляць;
Выйдзеш паўзірацца ў жалабок, крыніцу,
Ў бяскрайняе мора і будзеш зіяць,
Як над Вавілонам, над яго садамі[18]
I над тым, што будзе з нашымі сынамі.
Ты вечны без краю!.. Люблю размаўляць,
Як з братам, з сястрою, размаўляць з табою,
Спяваць табе думу, што ты ж нашаптаў.
Парай мне яшчэ раз, дзе дзецца з журбою?
Я не адзінокі і не сірата я:
Ёсць у мяне дзеці, ды дзе іх падзеці?
Пахаваць з сабою? — Грэх: душа жывая!
А можа, лягчэй ёй будзе на тым свеце,
Як хто слёзы-словы тыя прачытае,
Што яна так шчыра калісь вылівала,
Што яна цішком так над імі рыдала.
Не, не пахаваю, бо душа жывая!
Як сіняе неба — няма яму краю,
Так душа пачатку і краю не мае.
А дзе яна будзе? — Пашто разважаць!!
Успомні ж хто-небудзь, успомні хоць зрэдку,—
Без славы свет гэты цяжка пакідаць.
Успомніце, дзяўчаты, вам трэ ўспамінаць!
Яна вас любіла, ружовыя кветкі,
I пра вашу долю любіла спяваць.
Пакуль сонца ўстане — спачывайце, дзеткі,
А я памяркую, важака дзе ўзяць.
Сыны мае, гайдамакі!
Свет шырокі, воля!
Дык ідзеце, пагуляйце,
Пашукайце долі!
Сыны мае маладыя,
Няхітрыя дзеці!
Хто вас шчыра без матулі
Прывітае ў свеце?
Сыны мае! арлы мае!
Мкніце на Ўкраіну,—
Хоць і ліха напаткае,
Але не ў чужыне.
Душа шчырая там стрэне,
Служыць долю змусіць;
А тут... а тут... цяжка, дзеці!
Калі ў хату пусцяць,
То, сустрэўшы, пасмяюцца,
Такія, бач, людзі:
Усе з асветай, пішуць кнігі,
Сонца нат асудзяць.
«Не адтуль,— кажа,— усходзіць,
Ды не так і свеціць;
Вось так,— кажа,— было б трэба...»
Што ж рабіці, дзеці?
Трэба слухаць, мо й сапраўды
Не так сонца ўсходзіць,
Як пісьменныя гавораць.
Разумнікі, й годзе!
А што ж на вас яны скажуць?
Знаю вашу славу!
Пасмяюцца, пажартуюць