Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 32)
Галасіста ды праўдзіва,
Як божае слова...
Ці так, бацька-атамане?
Ці праўду спяваю?
Эх, каб тое!.. Ды казаць што! —
Таленту не маю.
Маскоўшчына йшчэ пры гэтым,
Скрозь чужыя людзі.
«Не патурай!» — можа, скажаш;
Ды што з таго будзе?
Насмяюцца з таго псалму,
Што вылью слязамі; Насмяюцца!..
Цяжка, бацька, Жыці з варагамі!
Пабароўся б і я, можа,
Каб сілы прыклікаў;
Заспяваў бы — галасок быў,
Ды з’елі пазыкі.
Вось яна, бяда якая,
Бацька мой, ліхая!
Блуджу ў снезе ды сабе сам:
«Ой, не шумі, гаю!»
Не зайграю больш. Ты ж, бацька,
Як сам здароў, знаеш,
Цябе людзі паважаюць,
Добры голас маеш.
Спявай жа ім, мой галубе!
Пра Сеч, пра магілы,
Дзе насыпалі якую,
Каго палажылі;
Пра былое й тыя дзівы,
Што былі, мінулі...
Зайграй, бацька! Каб нехаця
На ўвесь свет пачулі,
Што тварылася на Ўкрайне,
За што памірала,
За што слава казацкая
На ўсім свеце стала!
Зайграй, бацька, арол сізы!
Няхай я заплачу,
Няхай сваю Украіну
Я йшчэ раз пабачу;
Хай паслухаю яшчэ раз,
Як мора іграе.
Як дзяўчына пад вярбою
Грыца заспявае;
Хай яшчэ раз усміхнецца
Сэрца на чужыне,
Пакуль ляжа ў чужу землю,
Ў чужой дамавіне!
С.-Пецярбург
1839
ІВАН ПАДКОВА[13]
В. I. Штэрнбергу
І
Было калісь на Ўкраіне —
Гарматы равелі;
Было калісь — запарожцы
Панаваць умелі!
Панавалі, здабывалі
I славу і волю,—
Мінулася: засталіся
Магілы на полі.
Ой, высокія магілы
Ля долаў-байракаў,
Дзе казацкае спіць цела,