Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 22)
А ты ж прысягаўся!»
«Возьмите прочь! Что ж вы стали?»
«Каго? Мяне ўзяці?
За што ж скажы, мой галубе?
Каму хочаш даці
Сваю Касю, да цябе што
Ў садочак хадзіла,
Сваю Касю, для цябе што
Сына спарадзіла?
Мой бацечка, мой браточак!
Хоць ты не цурайся!
Найміткаю табе стану...
З другою кахайся...
З цэлым светам... я забуду,
Што калісь кахала,
Што ад цябе сына мела,
Пакрыткаю[8] стала...
Пакрыткаю... Які сорам!
I за што я гіну?
Кінь мяне, забудзь мяне ты,
Ды не кідай сына.
Не пакінеш?.. Маё сэрца,
Пастой! Прашу вельмі!..
Я вынесу табе сына».
Выпусціла стрэмя
Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,
Нясе яму сына.
Заплаканы, неспавіты
Бедны сіраціна.
«Во яно дзе, на, прыгледзься!
Дзе ж ты? Захаваўся?
Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына
Бацька адцураўся!
Божа ты мой!.. Мая дзетка!
Дзе ж дзецца з табою?
Маскалікі! Галубочкі!
Вазьміце з сабою;
Не цурайцеся, браточкі:
Яно сіраціна;
Забярыце і аддайце
Старшаму за сына.
Забярыце!.. Бо пакіну,
Як бацька пакінуў,—
Бадай яго не кідала
Горкая часіна!..
Грэхам цябе на свет божы
Маці спарадзіла;
Вырастай жа на смех людзям!»
На шлях палажыла.
«Заставайся шукаць бацькі,
А я ўжо шукала...»
Ды ў лес з шляху, як вар’ятка!
I следу не стала.
Дзіцё плача... Маскалям што?
Балазе; мінулі.
Яно й добра; ды на ліха
Леснікі пачулі.
Кася бегае па лесе,
Бегае, галосіць,
То кляне свайго Івана,
То плача, то просіць.
Выбягае на узлессе;
Зірнула навокал
Ды ў яр... бяжыць... сярод ставу
Стала адзінока.