Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 217)
Ніва-дзесяціна!
Ды не словамі пасейся,
А розумам, ніва!
Выйдуць людзі жыта жаці...
Вясёлае жніва!..
Разгарніся ж, уздыміся ж,
Бедная ты ніва!!!
Ці не дуру сябе нанова
Сваім узлётным добрым словам?
Дуру! Бо лепей абдурыць
Сябе ізноў, сябе самога,
Чым з ворагам папраўдзе жыць
I дарма наракаць на бога!
1860
С.-Пецярбург
***
Дні маладосці прамінулі,
I ад надзей усіх падзьмулі
Вятры халодныя. Зіма!
Адзін сядзі ў халоднай хаце —
Няма з кім ціха размаўляці,
Ані парадзіцца. Няма
Анікагусенькі. Няма!
Сядзі ж адзін, пакуль надзея
Абдурыць дурня, абсмяе...
Марозам вочы закуе,
А думы гордыя развее,
Нібы сняжынку па стэпу!
Сядзі ж адзін сабе ў кутку,
I не чакай жа вясны-долі!
Яна не ўзыдзе ўжо ніколі
Садочак твой пазеляніць,
Тваю надзею абнавіць!
I думу вольную на волю
Не прыйдзе выпусціць... I знай —
Што больш нічога не чакай!
1860
С.-Пецярбург
***
Хаця ляжачага й не б’юць,
Ды і прылегчы не даюць
Няшчаснаму. Цябе ж, о Сука!
I самі мы, і нашы ўнукі,
На свет ўвесь людзі праклянуць!
Не праклянуць, а толькі плюнуць
На тых аддоеных шчанят,
Што ты шчаніла. Мука! Мука!
О смутак мой, мая журба!
Ці ты мінеш калі? Ці псамі
Цары з міністрамі-рабамі
Цябе такую зацкуюць!
Не зацкуюць. А людзі ціха,
Без жаднага ліхога ліха,
Цара да ката павядуць.
1860
С.-Пецярбург
***
О людзі! Людзі-небаракі!
Нашто здаліся вам цары?
Нашто здаліся вам псары?
Бо вы ўсё ж людзі, не сабакі!
Слізгота ноччу, і туман,
I снег, і холад. I Нява
Кудысьці несла ціхатой
Малую крыгу дзесь пад мостам.