Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 216)
I распяццямі дабілі?
Не дабілі! Схамяніся!
Ды над намі засвяціся,
Засвяціся!.. Будзем, браце,
З баграніц анучы драці,
З кадзіл люлькі прыпаляці,
Яўленымі печ паліці[246],
А крапідлам будзем, браце,
Ў новай хаце вымятаці!
1860
С.-Пецярбург
***
I Архімед і Галілей
Віна й не бачылі. Ялей
Пацёк у чэрава манаху!
А вы, пазбаўленыя страху,
Па свеце першыя пайшлі
I крошкі хлеба паняслі
Царам убогім. Будзе біта
Царамі сеянае жыта!
А людзі ўзыдуць. Прыйдзе мор
На царанят да іх зачацця...
I на абноўленай зямлі
Не будзе злыдняў рознай масці,
А будзе сын, і будзе маці,
I будуць людзі на зямлі.
С.-Пецярбург
1860
Л.
Пастаўлю хату ў ахарошы,
Садок-раёчак насаджу.
Папасяджу і пахаджу
Ў сваёй маленькае раскошы.
Яшчэ ў самоце-адзінé
Ў садочку буду спачываць я,
I дзетачкі прысняцца мне,
Вясёлая прысніцца маці,
Як даўна-колішняй вясной
Прысніцца ясны сон!.. і ты!..
Ды не, не буду спачываць я,
Бо й ты прыснішся мне. I ў той
У мой малы раёчак ціха
Падкрадзешся, наробіш ліха...
Запаліш рай самотны мой.
1860
С.-Пецярбург
***
Не наракаю я на бога,
Не наракаю ні на кога,
Я сам сябе, дурны, дуру,
Яшчэ й спяваючы. Ару
Я свой аблог — благую ніву!
Ды сею слова. I ўрадліва
Жніво там будзе. I дуру!
Сябе тут я, сябе самога,
А болей, ведама, нікога.
Арыся ж ты, мая ніва,
Долам і гарою!
Засявайся, мая ніва,
Воляй удалою!
Арыся ж ты, разгарніся,
Полем пасцяліся!
Ды засейся добрым жытам,
Доляю палійся!
Разгарніся навакол ты,