Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 214)
Ўглядаўся моўчкі на тваю,
Грахоўную тваю утробу
I мовіў злосна: — Загублю
Тваю красу, тваю аздобу,
Сама ты разапнешся. Ў злобе
Сыны твае цябе заб’юць,
Што падраслі, а злопачатым
У чрэве згінуць, прападуць,
Як неданоскі-кураняты!..
Пашлю шмат матчынага плачу
Па гарадах і па палях,
Хай бачыць ў погані зямля,
Што я ўладар і я ўсё бачу.
Ускрэсні, мама! I вярніся
Ў святліцу-хату, адпачынь,
Сябе занадта ты стаміла,
Грахі сыноўі несучы.
Спачыўшы, сумная, скажы
I дзецям хітрым дай параду,
Што ўсім загінуць ім ліхім,
Што бессумленне іх, і здрада,
I крывадушша — ўсё агнём,
Крывавым, полымным мячом
Нарэзаны ў людзей на душах,
I кара прыйдзе неўсыпушчай,
Што не ўратуе й добры цар,
Іх сціплы, п’яны гаспадар.
Не дасць ім піць, не дасць ім есці,
Каня, каб без сядла вам сесці
Ды уцякаць; не уцячы
I не схавацца; бо ўсюды
Вас знойдзе праўда-помста, людзі ж
Вас будуць добра сцерагчы,
Спаймаюць і судзіць не будуць,
Ў кайданы моцна закуюць,
Ў сяло на показ прывядуць
I на крыжы тым і без ката,
I без цара вас, вар’яватых,
Парвуць, скрамсаюць, разапнуць.
I вашаю крывёй, сабакі,
Сабак напояць...
I дадай,
Такое слова ім дадай,
Ім проста выскажы: — Зрабілі,
Рукамі бруднымі стварылі
Сваю надзею; усяляк
Цара хваліўшы: бог, надзея,
I ён накорміць і сагрэе
Ўдаву, сіротак.
Не, не так!
Скажы ім вось што: — Брэшуць богі,
Ды ідалы ў чужых чартогах;
Скажы, што праўда аджыве,
Прамчыць, пакліча, пазаве
Не даўняе, старое слова
Збуцвелае, а словам новым
Над светам крыкам пранясе,
I людзі збавяцца усе
Ад ласкі царскае...
1859
С.-Пецярбург
***
Дзяўчыначка-чарнаброўка
Несла з склепа піва.
А я глянуў, падзівіўся...