Яны на мукі не даліся,
Схаваліся і распаўзліся.
I ты іх мусіла збіраць.
I вось яны неяк сышліся
З табою ўночы сумаваць.
I ты, вялікая ў жэнах,
I іх паныласць, і іх страх
Развеяла, як пацяруху,
Сваім святым натхнёным духам.
Той дух святы свой унясла
У душы іхнія. Хвала
I пахвала табе, Марыя!
Мужы узнесліся святыя,
Далёка ў свет яны пайшлі
З імем святога твайго сына,
Твае балеснае дзяціны,
Любоў і праўду паняслі
Па свеце ўсім. А ты пад тынам,
Сумуючы, у бур’яне
Памерла з голаду. Амін.
А потым папы цябе ўзняслі,
Адзелі ў пурпур і вянчалі,
Нібы царыцу. Распялі
Цябе, як сына. Аплявалі
Твой воблік чысты і святы,
Растлілі добрую... А ты?..
А ты, як золата ў гарніле,
Ў людской душы сябе ўзнавіла,
Ў душы нявольніцкай, малой,
Ў душы балеснай і жывой.
1859
С.-Пецярбург
НАСЛЕДАВАННЕ ЭДУАРДУ САВЕ[243]
Пасаджу каля хаціны
Жонцы на ўспаміны
I ябланьку, і грушаньку,
На ўспамін адзінай!
Бог дасць, вырастуць, і жонка
Пад дрэвамі тымі
Сядзе сабе ў халадочку
З дзеткамі малымі.
А я буду грушы рваці,
Дзеткам падаваці...
Ды з жоначкай адзінаю
Ціха размаўляці.
— Тады, сэрца, як браліся,
Тут дрэвы садзіў я...
Я шчаслівы!
— I я, дружа,
З табою шчасліва!
1859
С.-Пецярбург
ОСІЯ[244]. ГЛАВА XIV
(Наследаванне)
Загінеш, згінеш, Украіна,
Не стане знаку на зямлі!
Ты ж ганарылася калісь
Ў дабры, раскошы! Украіна!
Мой любы краю непавінны!
За што цябе гасподзь скараў,
Карае цяжка? За Багдана,
Ды за скажонага Пятра,
Ды за паноў вось тых паганых
Дашчэнту нішчыць... Пакараў,
Заб’е нябачна. I праўдзіва!
Бо доўга ён доўгацярплівы