Яму пад пару быў якраз,
Удвух сабе хадзілі ў школу,
Разам вучыліся. Ніколі
Не пагуляе ён з дзяцьмі
I не пабегае ні-ні.
Адзін-аднюсенькі, бывала,
Засядзе ён у бур’яне
Ды клёпку чэша. Памагала
Дзіця бацькам у працы іх.
Па сёмым нейк ужо гадочку —
Малы ўжо добра майстраваў,—
Адпачываючы ў куточку,
Стары на сына пазіраў.
Які то майстра з яго будзе?
Якія выйдуць з яго людзі?
Ды, ўзяўшы вёдзер, міс вянок,
I бацька з маткай і сынок —
Ну, як было расстацца з ім? —
На торг пайшлі ў Ерусалім.
Хоць і далёка, дык прадаці
Дарожай можна. Бацька й маці
Сядзяць сабе ды прадаюць
Дабро сваё. А дзе ж хлапчына?
Прапаў ён дзесь. Шукае сына
Ды плача маці — не чуваць
Яе сынка. У сінагогу
Зайшла маліць добрага бога,
Каб сын знайшоўся. Аж глядзіць —
Між рабінаў яе хлапчына,
Яе дзіцёнак той сядзіць
I навучае ён, нявінны,
Як трэба жыць, людзей любіць,
За праўду стаць, за праўду згінуць —
Без праўды гора. Гора вам,
Настаўнікі архіерэі!
Дзівіліся тут Фарысеі
I кніжнікі яго славам.
А радасць мацеры Марыі
Не скажаш словамі. Месію,
Самога бога на зямлі
Яна ўжо бачыць.
Прадалі,
Хвалу прынеслі ў храме богу
I весяленькія ў дарогу
Дадому рушылі ўначы
Ды халадочкам.
Падрасталі,
Вучыліся разам, растучы,
I гонар матчын падымалі
Святыя дзеткі іх. Са школы
Цярновым шляхам яны йшлі
Абодва. Божыя глаголы,
Святую праўду на зямлі
Яны сказалі. Распялі
За волю іх, святую волю!
Іван пайшоў у ціш пустыні,
А твой між люду. А за ім,
За сынам праведным сваім,
I ты пайшла. У той хаціне
Чужой пакінула яго
Святога Ёсіфа свайго.
Пайшла ў вандроўку па-пад тынню,
Аж покі-покі не дайшла
Аж да Галгофы.
Бо за сынам