Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 208)
I накармілі, і далі
Кажух і світку на дарогу,
I, небаракі, дадалі
Асліцу дойную. Нябогу
З яе дзіцём, дый як маглі
I даглядалі і вялі
Слядамі ўночы патайнымі
На шлях Мемфійскі[235]. А мятла,
Мятла агністая гарэла,
Як тое сонца, і глядзела
На іх асліцу, што нясла
Ў Егіпет добрую Марыю
I нараджонага месію.
Калі б на свеце дзе хоць раз
Царыца села на асліцу,
То слава йшла б і пра царыцу
I пра вялікую асліцу
Па свеце ўсюды. Гэта ж нясла
Жывога ісціннага бога.
Цябе ж, бядачку, копт[236] убогі
Хацеў у Ёсіфа купіць,
Ды здохла ты. Мабыць, дарога
Такі пашкодзіла табе?
У Ніле скупанае спіць
Ў пялёнках долі пад вярбою
Дзіцятачка, а між лазою
З лазы калысачку пляце
Ды плача праведная маці,
Калыску тую плетучы.
Знайшоў і Ёсіф зноў работу —
Будуе хатку ён з чароту,
Каб мець прытулак уначы.
3-за Нілу сфінксы, як сычы,
Страшнымі мёртвымі вачымі
Глядзяць на гэта. А за імі
На спаленым пяску стаяць
Па шнуру піраміды ў рад,
Як тая варта фараонаў.
I фараонам даюць знаць,
Што праўда божага закону
Ужо ўзыходзіць на зямлі,
Каб асцярожнымі былі.
Марыя нанялася прасці
У копта воўну, а стары
Авец узяўся стадка пасвіць,
Каб зноў казу сабе нажыць
На малако малому сыну.
Мінае год. Каля хаціны
Паветкі ціхія куты,
Дзе бондар праведны святы
Ніякіх помыслаў не мае,
Барыла й бочкі набівае
Ды штось мурмукае. А ты?
Не плачаш ты і не спяваеш,
Гадаеш, думаеш, гадаеш,
Як навучыць, як навясці
На троп святы святога сына
I як ад ліха упасці,
Ад бур жыццёвых адвясці?
Зноў год мінуў. Каля хаціны
Каза пасецца, а хлапчына
З малым вясёлым казлянём
У сенцах бавіцца. А маці
Сядзіць на прызбе або ў хаце
Ды воўну тонкую прадзе,