Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 204)
I весяленькая пайшла
На хутар бондараў убогі.
Ідучы, казлянё-нябогу,
Нібы малое на руках,
Яна пагушквала, гайдала,
Да ўлоння ціха прытуляла
I цалавала. Казлянё,
Як быццам тое кацянё,
Ляжала ціха, не крычала,
На ўлонні песцілася ўдала.
I мілі дзве з тым казлянём
Яна амаль не танцавала.
I не ўтамілася. Стары
Глядзеў, сумуючы пад тынам,
I ўжо даўно сваю дзяціну
Здалёку згледзіў, прывітаў
I запытаўся: — Дзе ты, ў бога
Забавілася так, нябога?
Хадзем у кушчу[229], адпачынь
Ды за вячэру сядзем разам
З вясёлым госцем маладым.
Хадзем жа, дочухна. Які?
Які то госць? А з Назарэта[230]
Зайшоў да нас падначаваць.
Ён кажа: — Божжа благадаць
На старую Елізавету[231]
Учора раненька зышла,
Учора, кажа, прывяла
Дзіцёнка-сына. А Захары
Стары назваў яго Іанам.
Дык бачыш што! — А госць разуты,
Умыты з кушчы выступаў
У белым чысценькім хітоне,
Як намалёваны ён ззяў
I велічна стаў на парозе
I, пакланіўшыся, вітаў
Марыю ціха. Ёй, нябозе,
Аж дзіўна стала. Госць стаяў
I сапраўды нібы заззяў.
Марыя на яго зірнула,
I боязь нейкую адчула,
I прыгарнулася ад страху
Да Ёсіфа свайго старога.
А потым госця маладога
Прасіла, нібы павяла
Вачамі ў кушчу. Прынясла
Вады чысцюсенькай з крыніцы
Ды малако і сыр казліцы
Ім на вячэру падала.
Сама ж не ела, не піла,
Ў куточку ціхенька стаяла
Ды ўсё маўкліва пазірала
I слухала, як малады,
Дзівосны госць той гаварыў.
I словы гутаркі жывыя
У душу падалі Марыі,
I ў сэрцы стыла і пякло!
— У Іудзеі не было,—
Прамовіў госць,— таго ніколі,
Што зараз станецца. Рабі!
Звястун вялікае глаголы
Засее праўду на зямлі!
I вырастуць, і пажнямо
I ў жытніцы мы зберамо
Святыя зерні. Я месію