Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 202)
Малюся, плачу і рыдаю.
Зірні, прачыстая, на іх,
На тых акрадзеных, сляпых
Нявольнікаў. Падай ім сілу
Твайго мучаніка-сына,
Каб крыж-кайданы даняслі
Да саменькага канца-краю.
Праслаўленая! Я ўзываю,
Царыца неба і зямлі.
Пачуй іх стогны і пашлі
Канец шчаслівы, прасвятая!
А я, нязлоблівы, спяю,
Як працвітуць сядзібы, сёлы,
Псалмом і ціхім і вясёлым
Святую долечку тваю.
А зараз плач і болесць, слёзы
Душы убогае,— убогай
Сваю я лепту падаю.
У Ёсіфа, у цесляра,
Ці бондара таго святога,
Марыя ў наймічках расла.
Расла сабе і вырастала.
I на пары Марыя стала...
I кветкай-ружай расцвіла
У беднай і чужой хаціне,
У ціхім і святым раю.
Цясляр на наймічку сваю,
Нібы на родную дзяціну,
Бывала струг, цяслу пакіне
Дый пазірае; час міне,
А ён і вокам не змігне
I думае: — Ані радзіны,
Ані хаціначкі няма,
Адна-адненькая!.. Хіба...
Ці смерць мая ўжо за плячыма?..
Марыя ж стане каля тыну
Ды воўну белую прадзе
На той бурнус яму, на новы,
Або на бераг павядзе
Казу з казляткам такім кволым
Папасвіць там і папаіць,
Хоць і далёка. А любіла ж
Яна той ціхі божы стаў,
Шырокую Тыверыяду[227],
I рада, аж смяецца, рада,
Што Ёсіф, седзячы, маўчаў
I не пярэчыў, не спыняў
На стаў ісці. Ідзе, смяецца,
А ён сядзіць ды ўсё сядзіць,
За струг, бядага, не бярэцца...
Каза нап’ецца ды пасецца,
А дзеўчына сабе стаіць
З сваімі думкамі пад гаем
I смутна, сумна пазірае
На той шырокі, божы стаў
Ды прагаворыць: — Тыверыяда!
Цару шырокі азярам!
Скажы ты мне, мая парада,
Якая доля выйдзе нам
З старым Іосіфам? О доля!
I хіліцца, нібы таполя
Ад ветру хіліцца ў яру.
— Яму я родным дзіцем стану,
Плячмі маімі маладымі
Яго старыя падапру?