На паншчыне, а я ў няволі!..
Вось так нам давялося йсці
Яшчэ ад малку колкай нівай!
Сястра, маліся! Будзем жывы,
Дык бог паможа перайсці.
1859
Чаркасы
***
Ва Іудзеі ва дні оны,
У часе Ірада[225] цара,
Вакол Сіона й на Сіоне
Паскуднічалі легіёны
Раманскія. А у цара,
У Ірада таго самога,
I на парозе і за парогам
Стаялі ліктары. А цар...
Самаўладарны валадар!
Лізаў у ліктара халяву,
Каб на выдаткі на усе
Хоць поўдынарыя[226] пазычыў:
А той кішэняю трасе,
Вымае грошы і не лічыць,
Як быццам старцу ён дае.
I п’яны Ірад зноўку п’е!
Дык вось не ў самым Назарэце,
А у якімсьці там вярцепе,
Марыя сына прывяла
I ў Віфліем з малым пайшла...
Бяжыць паштар ад Віфліема.
— Паслухай, цар, расказ ты мой!
Гірса і кукаль з лебядой
Расце ў пшаніцы. Гэта племя
Давідава ў нас узышло!
Сячы, пакуль не узрасло!
— Дык што ж! —
Прамовіў Ірад п’яны,—
Па царству ўсім пазасякаць
Малых дзяцей, бо род паганы
Не дасць як след дацараваць.
Паштар быў п’яны, гаварылі.
Аддаў сенату ён указ,
Каб толькі ў Віфліеме білі
Малых дзяцей.
Ратуй ты нас,
Дзіцёнак праведны, вялікі,
Ад п’янага цара-ўладыкі!
Табе з ратункамі прыйшла
Ад горшага святая маці.
Ды дзе ж нам тую маці ўзяці?
Мы сэрцам голым дагала!
Рабы з какардаю на лобе!
Лакеі ў залатой аздобе...
Анучы, смецце з памяла
Яго вялікасці. Дый годзе!
1859
С.-Пецярбург
МАРЫЯ
Паэма
Радуйся, ты бо обновила еси зачатыя студно.
Надзеі, мыслі ўсе мае
Я на цябе, мой светлы раю,
На міласэрдзе на тваё,
Усё спадзеванне маё
На цябе, маці, пакладаю.
Святая сіла ўсіх святых!
Найначысцейшая, святая!