Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 200)
Прасцеляцца: і не знойдуць
Тых шляхоў улады,
А рабы шляхамі тымі,
Без крыку і гвалту,
Пасыдуцца ў гурт адзіны
Радасна, вясёла.
I пустэльню апануюць
Вясёлыя сёлы.
1859
С.-Пецярбург
N. N.
Калісьці, як і ты, лілея
На Іярдані расцвіла
I над зямлёю пранясла
Святое слова і надзею.
Калі б і ты, Днястровай кветкай...
Не, не! Крый божа! Разапнуць.
Кайданным шляхам павядуць.
I ты, мой цвеце, кволы гэткі...
Не вымаўлю...
Вясёлы рай
Пашлі ёй, божа! Божа, дай
Ёй толькі долю ў гэтым свеце
I больш нічога не давай.
I не бяры яе вясною,
Нябесны рай не абяцай,—
Тут, на зямлі, тваёй красою
Налюбавацца ўволю дай.
1859
С.-Пецярбург
***
Ой маю я вочкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды аглядаці,
Няма каго, сэрцайка, ды аглядаці!
Ой, маю я ручкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды абнімаці,
Няма каго, сэрцайка, мне абнімаці!
Ой, маю я ножкі, родная маці,
Ды няма з кім, матухна, мне паскакаці,
Ды няма з кім, сэрцайка, мне паскакаці!
1859
Пірацін
СЯСТРЫ[224]
Праходзячы па ўбогіх сёлах
Панаддняпроўскіх невясёлых,
Я думаў: — Дзе спыніцца мне?
I дзе падзецца мне на свеце?
I потым бачу ува сне,
Што дрэўцы ў садзе ў белым цвеце
I на ўзгорачку стаіць,
Як быццам дзеўчына, хаціна.
Дняпро шырокі разгарнуўся!
Аж ззяе бацька ды гарыць!
Гляджу: у цёмненькім садочку,
Пад вішанькай у халадочку
Мая адзіная сястра!
Многапакутніца святая!
Нібы ў раю адпачывае
Ды з-за шырокага Дняпра
Мяне гаротная чакае.
I ёй здаецца — вынырае
3-за хвалі човен той, плыве...
I ў хвалі потым і знікае.
— Мой брацітка! Мая ты доля! —
I мы прачнуліся. А ты...