Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 198)
Яшчэ капу дажаць пайшла.
С.-Пецярбург
1858
***
Не занядужаў я няўрокам,
А штось такое бачыць вока,
Чакае сэрца ўсё. Баліць,
Баліць, і плача, і не спіць,
Нібы галоднае малое.
Чакаеш, мабыць, ты ліхое
Часіны? Не чакай, глядзі...
Дабра і спадзяванай волі —
Яна заснула: цар Мікола
Яе прыспаў. А каб збудзіць
Слабую волю, трэба вера,
Каб грамадой абух сталіць,
Ды добра навастрыць сякеру —
Дый распачаць яе будзіць.
А то праспіць сабе, нябога,
Да божага суда страшнога!
А панства будзе калыхаць,
Палацы, храмы мураваць,
Любіць цара свайго п’янога,
Ды візантыйства праслаўляць,
Дый болей, бачыцца, нічога.
С.-Пецярбург
1858
НАСЛЕДАВАННЕ II ПСАЛМУ
Мой божа мілы, гэтак мала
Святых людзей на свеце стала.
Адзін на аднаго куюць
Кайданы ў сэрцы. Тут жа самі
Найсаладжавымі губамі
Цалуюцца і не прыждуць,
Ці хутка брата ў дамавіне
З гасцей на цвінтар панясуць?
А ты, о божа наш адзіны,
Ты можаш вуснаў зло стрымаць,
Язык замнога гаварлівы,
Што нам казаў: мы не здарма!
I узвялічым мы надзіва
I розум наш, і наш язык...
Ды дзе той пан, што нам закажа
I думаць так, і гаварыць?
— Ускрэсну я! — той пан вам скажа,—
Ускрэсну сёння! Дзеля іх,
Людзей закованых маіх,
Убогіх, бедных... Узвялічу
Малых вось тых рабоў нямых!
I я на варце каля іх
Пастаўлю слова. Ляжа ніцам,
Нібы стаптаная трава,
I думка ў вашых галавах.—
Як срэбра кутае, цвярдое
I сем разоў пералітое
Агнём у горне,— словы вось
Твае, о божа наш, такія.
Раскінь жа іх, твае святыя,
Па ўсёй зямлі. I цудам скрозь
Тваім павераць ўсе на свеце
Твае малыя ў горы дзеці!
1859
С.-Пецярбург
МАРКУ ВАЎЧКУ[219]
На памятку