Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 197)
Лунай за мною і вучы,
Вучы няскладнымі губамі
Сказаці праўду. Памажы
Малітву мне тварыць да краю.
А як памру, мая святая!
Мая ты мама! Палажы
Свайго ты сына ў дамавіну
I хоць адзіную слязіну
З воч неўміручых пакажы.
1858
Ніжні Ноўгарад
СЛАВА
А ты задрыпанка, шынкарка,
П’яная гандлярка!
Дзе забавілася ў ката?
Каму зорыш ярка?
У Версалі над злачынцам
Сееш бляск прамення?
Ці з кім іншым сваячышся
З нуды ды з пахмелля?
Прыгарніся ж да мяне ты
Дый станцуем з ліха:
Абдымемся харашэнька
Ды люба, ды ціха
Пажартуем, пабуськаем
Дый паберымося,
Мая пісаная краля,
Бо я ўжо знямогся
За табою гнацца, бегчы,
Хоць ты й красавала
I з п’янымі ўсё царамі
Па шынках гуляла,
Асабліва з Міколаю
У Севастаполі,—
Ды мне гэта ані ў знакі,
Мне ты, мая доля,
На сябе дай наглядзецца,
Дай і прытуліцца,
Пад крылом тваім у ценю
Ціхім сном забыцца.
1858
Ніжні Ноўгарад
СОН
На паншчыне пшаніцу жала,
Стамілася, не адпачыць
Пайшла ў снапы; пакандыбала
Івана-сына пакарміць.
Дзіцё спавітае крычала
У халадочку пад снапом.
Распавіла, пасілкавала,
Папесціла і нібы сном,
Як і сядзела, задрамала.
I сніцца ёй той сын Іван
Прыгажавіты а багаты,
Ужо засватаны, жанаты —
На вольнай, бачыцца, бо й сам
Ужо не панскі, а на волі,
I на сваім вясёлым полі
Удвох сабе пшаніцу жнуць,
А дзетачкі абед нясуць.
Дый усміхнулася нябога.
Ачнулася — няма нічога,
На сына глянула, ўзяла
Івася ціха спавіла,
Каб зжаць да цівуна ліхога,