18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 195)

18
Даносчыкі і фарысеі, За праўду прасвятую стаць I за свабоду. Распінаць, А не любіць вучылі брата! О род нікчэмны, род пракляты, Калі паздохнеш ты? Калі Мы дачакаем Вашынгтона А з новым, праведным законам? А дачакаемся калісь! А вас не сотні, а мільёны Палян, дулебаў і драўлян[214] Гаўрылыч гнуў у час хвалёны; А вас, маіх святых кіян, I вашых важлівых кіянак Аддаў сваім прафосам[215] п’яным У найміткі сатрап-капрал. Вам і не вадзіць. А між вамі Знайшоўся нехта з кулакамі, Такі дурны арыгінал, Што ў морду заляпіў капралу — Яшчэ ў царкве той,— і прапала, Як на сабаку. Тады, дурным, і вам было б На гада выйсці з рагачамі, А вы збаяліся...                        Вось так! Знайшоўся ўсё-такі казак Адзін з мільёна свінапасаў, Што царства ўсё апавясціў: Сатрапу ў морду заляпіў. Вы, юрадзівыя, тым часам, Пакуль недамагаў капрал, Вы аб’явілі юрадзівым Святога рыцара! I жыва Фельдфебель ваш, Сарданапал[216], Паслаў на катаргу святога, А да пабітага старога Сатрапа «навсегда» ён стаў Найдабрасхільным.                        Больш нічога Не выкраілася, і драму Глухімі цёмнымі дварамі На сметнік вынеслі. А я... О зорка ясная мая! Вядзеш мяне з турмы, з няволі, Якраз на сметнічак Міколы, І свеціш, і гарыш над ім Агнём нябачаным, святым, Які дае жыццё, а з гною Ўстае стаўпом перада мною, Яго бязбожных дзей імгла... Бязбожны цару, творца зла, Ганіцель праўды, зману лёкай! Чаго начварыў на зямлі! А ты, ўсёбачлівае вока! Ці ты ўглядалася звысоку, Як сотнямі ў кайданах гналі Ў Сібір нявольнікаў святых[217], Як мардавалі, распіналі I вешалі?! А ты не знала? А ты глядзела ўсё на іх I не аслепла?! Вока, вока! Не дужа бачыш ты глыбока! Спіш у кіёце, а цары... Хай мор на іх, цароў паганых!