Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 194)
Нешта прашаптала,
Слова нейкае. I ціха
Каля брамы села
I журыцца. Неўзабаве
Браму расчынілі
I на вазах, на калясніцах
З той калізейскае разніцы
Святыя вывезлі цяла
I павезлі на Тыбр. Цяламі
Святых забітых гадавалі
Для таго ж царскага стала
У Тыбры рыбу. Ўстала маці,
Вакол зірнула і ўзялася
За голаў бітую рукамі
I ціха, моўчкі за вазамі
Марою чорнаю пайшла.
I не адзін скіф шэравокі,
Што целы вёз,— апошні раб,—
Падумаў тут: сястра Марока[209]
Прыйшла аж з пекла правадзіць
У пекла ж рымлян.
Паскідалі
У ваду трупы дый назад
З вазамі скіфы павярталі.
I засталася ты адна
На беразе. I ты глядзела,
Як круг за кругам анямела
Ішоў, знікаючы над ім,
Над сынам праведным тваім.
Глядзела ты, пакуль не стала
I следу іх сярод вады.
I усміхнулася тады
I цяжка, страшна зарыдала,
I першы раз ты ўзнесла рукі
Таму, хто выбавіў ад мукі
Цябе — распяты сын Марыі,
I словы ты яго жывыя
Ў жывую душу прыняла.
I ты ў палац і ў дом убогі
Жывога ісцінага бога
Са словам праўды панясла.
1857
Ніжні Ноўгарад
ЮРАДЗІВЫ
У дні фельдфебеля-цара[210]
Капрал Гаўрылавіч Бязрукі[211]
Ды унтэр п’яны Далгарукі[212]
Ўкраінай правілі. Дабра
Такі нямала натварылі.
Нямала люду агалілі
Сатрапы, дралі да рабра,
I надта стрыжаны Гаўрылыч
З яфрэйтарам сваім малым[213]
Рухавым ды наліха злым.
Люд да таго дамуштравалі,
Што сам фельдфебель быў ва ўхвале
I маршыроўкаю і ўсім,
I «дабрасхільнасць адчувалі
Заўжды к яфрэйтарам сваім».
А мы глядзелі, і маўчалі,
Ды моўчкі чухалі чубы.
Нямыя, подлыя рабы,
Абножжа царскае, лакеі
Капрала п’янага! Не вам,
Не вам, ва ўзорчатай ліўрэі