Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 191)
Свайго сына. Ды не дужа
Радуйся, нябога.
Бо ты новага не знаеш
Ласкавага бога.
А пакуль што з мацярамі
Алкідава маці
Пайшла сыну на спатканне,
Святых прывітаці
На беразе. I ты пайшла,
Траха не спяваеш
Ды кесара-Юпітэра
Хваліш-выслаўляеш.
— Вось Юпітэр дык Юпітэр!
I назваць не шкода
Юпітэрам. Я ж, дурная,
Дурная ж урода,
У Афіны Юпітэра
Упрашаць хадзіла!
Ды ціхенька зноў кесара,
Як бога, маліла.
I пайшла па-над балотам,
На Тыбр[202] паглядае,
А на Тыбру з па-за гаю
Байдак выплывае
Ці галера. На галеры
Вязуць твайго сына
З неафітамі ў кайданах.
Твой родны хлапчына
Да галеры прыкаваны —
Не неафіт новы,
А апостал вялікага
Хрыстовага слова.
Вось ён хто такі. Ці чуеш,
Спявае у путах
Твой мучанік:
— Псалом новы богу-духу
I новую славу
Заспяваем усе разам
Сэрцам чыстым, правым,
У псалтырах[203] і тымпане[204]
Бога ўсе уславім.
Бог карае непраўдзівых,
Памагае правым.
Прападобныя бо ў славе
I на ціхіх ложах
Радуюцца, славасловяць,
Хваляць імя божжа.
І мячы ў святых руках іх
Праўдзе служыць будуць —
Для адпомсты злым народам,
Для навукі людзям.
Акуюць цароў праглівых
У кайданы-путы
I аковамі іх, слынных,
Ручнымі акруцяць.
I асудзяць няправедных
Судом сваім правым
I навекі будзе слава,
Прападобным слава.
X
А ты на беразе стаяла,
Нібы панурая скала,
Не слухала і не рыдала,
А алілуя падала
За мацярамі хрысціянам.