Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 190)
Так Note bene[200] дадалі,
Што бронзавы той кесар будзе
Караць і мілаваць. I людзі
Нібы ў той вырай паплылі
У Рым па міласць. Прыплыла
I тая з Сіракуз нябога
Прасіць і кесара і бога.
А ці адна яна? Мой божа!
Прыйшло іх тысячы ў слязах,
Прыйшлі здалёку.
Гора з вамі!
Каго прасіць, маліць прыйшлі?
Каму вы слёзы прыняслі?
Каму вы прыняслі з слязамі
Сваю надзею? Гора з вамі,
Рабы нязрачыя! Каго,
Каго вы просіце, дурныя,
Рабы, нявольнікі сляпыя?
Ці ж кат памілуе каго?
Маліцеся богу адному,
Маліцеся праўдзе адной.
I на зямлі больш ані кому
Не пакланяйцеся. Брахнёй
Гучаць — поп, цар...
VIII
Перад Неронам,
Перад Юпітэрам новым,
Паклоны білі сенаторы
I ўсе патрыцыі, і ўчора
Лілася божжа благадаць.
Каму ці чынам, ці грашамі,
Каму ў арэнду Палесціну
I байструкам кусок, каму
Зрабілі ласку самі даць
Сваю наложніцу за жонку,
Хоць падтаптаную. Нічога,
Абы з-пад цара. У другога
Сястру зрабілі ласку ўзяць
У свой гарэм. I то нічога —
На тое бог ён, мы ж пад бога
Сябе павінны падкладаць,
Не толькі сёстраў...
Прэтарыяне папрасілі,
Прэтарыянам даў указ:
Рабіце тое, што рабілі,
А мы памілуема вас.
I вы, плебеі, грэчкасеі,
I вы маліліся; ды вас
Ніхто не мілуе. Не ўмеюць
Дарыць вам міласці хоць раз.
IX
Ужо на трэці дзень пусцілі
Маліцца і за хрысціян.
I ты прыходзіла, маліла,
I міласэрны той балван
Загад даў весці з Сіракузаў
У Рым закутых хрысціян.
I рада ты, ты ажыла.
Ідалу нанова
Памалілася. Той ідал,
Юпітэр той новы,
Вось побач, якое свята
Будзе задаваці
Ў Калізеі[201]. А тым часам
Ідзе сустракаці