Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 189)
Няма сям’і, і няма хаткі,
Няма ні брата, ні сястры,
Каб з горам цяжкім не хадзілі,
Не катаваліся ў турме,
Або ў далёкай старане,
Ў брытанскіх, гальскіх легіёнах
Не мардаваліся... Нероне,
Нероне люты! Божы суд,
Праўдзівы суд, неспадзяваны
Цябе асудзіць. Прыплывуць
I прыляцяць у славе-цвеце
Святыя мучанікі, дзеці
Волі святой. Каля адра,
Каля смяротнага ў кайданах
Падыдуць і табе даруюць:
Яны браты і хрысціяне,
А ты сабака! Людаед!
Сшалелы дэспат!
VI
Аж кішыць
Нявольнікаў у Сіракузах
Па лёхах, турмах. А Медуза[196]
Ў шынку п’янюсенькая спіць.
Вось-вось прахопіцца... і потам,
I кроўю вашаю, дэспоты,
Пахмелле справіць.
Скрозь шукала
Сыночка маці, не знайшла...
I ў Сіракузы паплыла.
Ды там яго ужо ў кайданах
Знайшла, пакутная, ў турме.
Не дапусцілі паглядзець,
I мусіла яна сядзець
Каля астрога і чакаць,
Як бога з неба, выглядаць
Свайго сына: аж покі то
Яго ў кайданах павядуць
Брук падмятаць.
А ў Рыме свята,
I немалое. Сціск народу,
Са ўсёга царства ваяводы,
Прэтарыяне[197] і сенат,
Жрацы і ліктары[198] стаяць
Ля Капітолія. I хорам
Спяваюць гімн і кураць дым
З кадзіл і амфар. З усім зборам
Ідзе сам кесар. Перад ім
З бронзы адлітую статую
Самога кесара нясуць.
VII
Напэўна, выдумалі свята
Патрыцыі[199]-арыстакраты
I мудры кесараў сенат.
Яны ж бо кесара ўслаўлялі
На ўсе лады, аж прыкра стала
Самім ім дурня выслаўляць,
Ды заадно, каб даказаць,
Яны на радзе й прысудзілі,
Каб проста кесара назваць
Самім Юпітэрам, ды годзе.
I напісалі ваяводам
З канца ў канец: моў, так і так,
Што кесар — бог. Што больш ад бога!
I тым майстрам далі каваць
Статую кесара. Да тога