18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 186)

18

I богу моліцца, і мрэ

Хрышчоны люд.

                         А крыж высокі,

Як вартавы і трохі збоку,

Там, на тых могілках, стаіць.

Відаць, багаты тут ляжыць.

I намалёвана: распяты

За нас сын божы на крыжы.

I дзякуй сіратам багатым,

Што крыж паставілі. А я...

Такая долечка мая.

Сяджу сабе ды пазіраю

На гэты крыж з свае турмы...

Гляджу, малітвы пасылаю.

I гора, горачка маё,

Як выгадованы дзяцёнак,

Заціхне трохі. I турма

Нібы пашырыцца. Спявае

I плача сэрца, ажывае

I ў цябе, божа, і ў святых

Ды праведных тваіх пытае:

Што ён зрабіў ім, той святы,

Той назарэй, той сын адзіны

Богам абранае Марыі,

Што ён зрабіў ім? I за што

            Яго, святога, мардавалі,

            У путы кавалі

            I галаву яго чэсную

            Цернем увянчалі?

            I вывелі з злодзеямі

            На Галгофу[181]-гору

            I павесілі між імі.

            За што? Не гаворыць

            Ні сам сівы верхатворац,

            Ні яго святыя —

            Памочнікі, паборнікі,

            Кастраты нямыя.

      Благаславенная ў жэнах,

Святая праведная маці

Святога сына на зямлі!

Не дай мне марна прападаці

I дні мае ў няволі траціць.

Балесных радасць! Ты пашлі,

Пашлі і мне святое слова,

Спрадвечнай праўды голас новы!

I слова розумам святым

Ты ў сэрцы ажыві маім!

I раскажу я людзям гора,

Як тая маці рэкі, мора

Слёзы крывавыя ліла

Так, як і ты, і прыняла

Ў жывую душу свет нявідны

Сына распятага пастыдна.

Ты, маці бога на зямлі,

Ты слёзы матчыны да краю,

Да кроплі выліла. Рыдаю.

Малю, рыдаючы: пашлі,

Падай душы убогай сілу,

Каб агнявіста гаварыла,

Каб слова полымем гуло,

Каб людзям сэрцы растапіла

I па Ўкраіне паплыло,

I на Ўкраіне каб свяціла,

Як тое божае кадзіла,

Кадзіла ісціны. Амін.