Арэнбург
1850
***
I сёння сніцца: пад гарою,
Паміж вярбамі над вадою,
Хацінка белая. Сядзіць,
Нібы сівенькі дзед, глядзіць,
Малога ўнучка забаўляе,
Яго, курчавага, гайдае,
Малога, слаўнага свайго.
I сёння сніцца: што пры хаце
Вясёлая смяецца маці,
Цалуе дзеда і дзіця
Аж тройчы весела цалуе,
Бярэ на рукі, і гадуе,
I спаць нясе. А дзед сядзіць
I усміхаецца, і сціха
Прамовіць ён: «Дзе тое ліха?
Журбота, ворагі усе?»
Перахрысціўшыся, чытае
Стары ціхутка «Ойча наш».
Скрозь вербы сонейка так ззяе
I ціха гасне. Дзень пагас,
I ўсё спачыла. Дзед у хаце
Спакойна лёг адпачываці.
Арэнбург
1850
***
Мой божа мілы, зноўку ліха!..
Было так люба, гэтак ціха;
Мы узняліся раскаваць
Сваім нявольнікам кайданы...
Аж трах!.. I зноўку пацякла
Кроў бедных! Шмат цароў вянчаных,
Нібы сабакі за маслак,
Грызуцца зноў.
Новапятроўскі форт
1854 (?)
НЕАФІТЫ[178]
Паэма
Сия глаголет господь: сохраните суд и сотворите правду, приближибося спасение мое прийти, и милость моя открыется.
М. С. Шчэпкіну[179]
На памяць 24 снежня 1857
Мой друг, абраннік муз і грацый!
Цябе чакаю, ціха плачу
I думу смутную маю
Тваёй душы перадаю.
Прывітай жа ты зычліва
Маю сіраціну,
Наш вялікі цудадзею,
Дружа мой адзіны.
Прывітаеш: убогая,
Горкая, з табою
Пераплыве яна Лету[180];
I агнём-слязою
Упадзе ў свой час на землю,
I прытчаю стане
Распінацелям народным,
Катам і тыранам.
Даўно ўжо я сяджу ў няволі,
Нібы той злодзей пад замком,
На шлях гляджу я ды на поле,
Ды на варону над крыжом
На могілках, і больш нічога
З турмы не згледзіш, дзякуй богу
I за гэта. Ды жыве,