Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 184)
I станам гнуткім, і красою,
Такою чыстай, маладою,
Старыя вочы весялю.
Глядзець часамі я люблю,
I дзіўна!.. Бы перад святою,
Табе малітвы свае шлю.
I шкода мне, старому, стане,
Што будзе з божаю красой,
А дзе падзенешся ты з ёй?
Хто бліз цябе у свеце стане
Святым заступнікам тваім?
Хто бараніць цябе сумее
Ад зла людскога ў час ліхі?
Хто сэрца чыстае сагрэе
Агнём кахання? Хто такі?
Ты сірата, няма нікога
Ў цябе апроч святога бога.
Маліся, сэрцайка! З табой
Я памалюся. Штось прарочыць
I мне ўжо заглядае ў вочы,
Малітвы не шапчу сваёй
I ўжо не цешуся табой.
I я прысніў, што ты ўжо маці,
Не ў аксаміце, не ў палацах
Дзіця галоднае крычыць...
I вянеш ты, а час ляціць,
Бярэ ўсё добрае з сабою,
Ужо надзеі адплылі,
Ты ж засталася на зямлі,
Адной-аднюсенькай, з табою
Адзінае дабро было —
Тваё дзіця... Пакуль расла,
Пакуль не вырасла і з часам
Узнялася... Ты засталася
Старой, нядужаю. Людзей
Ты непрыязных упрашаеш,
Жабрачкай горкай узнімаеш
Каля зачыненых дзвярэй
Старыя рукі.
Вось так часамі я табою,
Табою, сэрца, маладою
Старыя вочы весялю.
Глядзець я часта так люблю
На стан твой гнуткі. I старанна
Ціхутка бога я малю,
Маліся ж ты яму аддана,
Яшчэ, бач, з неба не сышла
Твая і доля, і нядоля.
Арэнбург
1850
***
Агні гараць, музыка грае,
Музыка плача, завывае;
Алмазам добрым, дарагім
Палаюць вочы маладыя;
А вочы ясныя такія,
Надзея ў іх — і люба ім,
Вачам нягрэшным, маладым.
I ўсе рагочуць і спяваюць,
I ўсе танцуюць. Толькі я,
Нібы пракляты, пазіраю
I ціха плачу, плачу я.
Чаго ж я плачу? Мабыць, шкода,
Што без прыгоды, як нягода,
Ты, маладосць, прайшла мая.