18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 183)

18
Над чыстым ставам край сяла, Мяне там маці спавіла I, спавіваючы, спявала, Журбу-тугу пералівала Свайму дзіцяці... Ў гаі тым, У раі тым не залатым Я бачыў пекла... Там няволя, Работа цяжкая, ніколі I памаліцца не даюць. Там маці добрую маю, Жыцця забраўшы палавіну, Паклала нэндза ў дамавіну. Там бацька, плачучы з дзяцьмі (А нас — гурма, малых і голых), Не вытрываў праклятай долі, Памёр на паншчыне... А мы Параспаўзліся між людзьмі, Як мышаняты. Я пры школе — Ваду прыносіў шкалярам. Браты на паншчыну хадзілі, Пакуль ілбы ім не забрылі! А сёстры! Сёстры! Гора вам, Мае галубкі маладыя! Дзеля каго вы жывяце? Вы ў наймах выраслі чужыя, У наймах станеце сівыя, У наймах, сёстры, й памраце!       Аж страшна мне, як прыгадаю Хаціну тую край сяла! Такая, божа наш, была I ёсць твая тут воля ў раі На праведнай тваёй зямлі! Мы ў раі пекла развялі, А ад цябе дабра чакаем. З братамі ціха мы жывем, Братамі свой загон арэм I іх слязамі паліваем. А можа, нават... не, не знаю, А так здаецца... Сам есі... (Бо без тваёй нябеснай волі Не прыйдзе нэндза ў рай ніколі.) А можа, й сам на небясі Смяешся, бацечка, над намі Ды, можа, раішся з панамі, Як правіць светам! Бо зірні: Вунь дрэмле гай у цішыні, А вунь з-за гаю выглядае Ставок — бялее палатном, А вербы, глянь, па-над стаўком Ціхусенька сабе купаюць Галлё ў вадзе... I праўда рай? А ты прыгледзься ды спытай, Што сёння творыцца ў тым раі! Вядома, люд хвалу пяе Табе, адзінаму святому, За справы дзіўныя твае! Ды каб жа так! Хвалы нікому, Там, дзе ён кроў ды слёзы лье.— Там ганьба ўсім! Не, не! Нічога Няма святога на зямлі... Здаецца мне, што і самога Цябе ўжо людзі праклялі! Арэнбург 1850

***