Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 177)
Не радаваць, і не ўпікаць
Чалавека злога,
I памерці!.. О госпадзі!
Дай хоць на хвіліну
Глянуць на народ забіты,
На тую Ўкраіну!
Кос-Арал
1849
***
Зацвіла ў даліне
Чырвона каліна,
Быццам расквітнела
Дзеўчына-дзяціна.
Люба, люба стала,
Пташачка ў шчасці
Там зашчабятала.
Пачула дзяўчына
I ў белай свіціне
Выйшла пагуляці
У гай на даліну.
Не сядзіцца ў хаце.
Да дзяўчыны выйшаў
З зялёнага гаю
Казак маладзенькі;
Цалуе, вітае,
I йдуць па даліне,
I, йдучы, спяваюць,
Як дзетачак двое,
Пад тую каліну
Прыйшлі, пасядзелі,
Моцна абняліся.
Якога ж мы раю
У бога жадаем?
Рай у сэрцы лезе,
А мы ў царквы просім,
Заплюшчыўшы вочы.—
Такога не хочам.
Сказаў бы я праўду,
Ды што з яе будзе?
Адно — перашкодзіць,
А папам ды людзям
Аднолькава будзе.
Кос-Арал
1849
***
У нашым раі на зямлі
Мы прыгажэйшага не маем,
Чым тая маці маладая
З дзіцяткам родным і малым.
Бывае, часам нагляджуся
На гэта дзіва, і нуда
Душу ахопіць, так шкада
Мне бедную, і зажуруся,
I перад ёю памалюся,
Як быццам на абраз святы
Той маці чыстае, святое,
Што ў свет наш бога прынясла...
Шчаслівая, яна смяецца,
Яна сярод начы ўстае,
Дзіця пільнуе, і пяе,
I просіць ранне развіднецца,
Каб зноўку добра наглядзецца,
Папесціць: «Вочкі вы мае!
Дзіця маё!» Цалуе многа,
I моліцца аддана богу,