18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 173)

18

***

      Не ўначы, адгасцяваўшы У кумчынай хаце, Не спаць позна кладучыся, Згадай мяне, браце! А як прыйдзе нуда ў госці Ды на ноч засядзе, Вось тады і на параду Пакліч мяне, браце. Вось тады згадай ў пустыні Далёка над морам Свайго друга вясёлага, Што ваюе з горам, Як ён думы свае тыя I сэрца трывогу Захаваўшы, ходзіць ціха Ды моліцца богу, Украіну ўспамінае I цябе, мой дружа, А часамі пасумуе... Вядома, не дужа, А так толькі... Вось і свята — На дварэ і ў хаце,— Цяжка яго, дружа, браце, Аднаму спаткаці У пустыні... Заўтра рана Загудуць званіцы На Ўкраіне, заўтра рана Да царквы маліцца Пойдуць людзі, заўтра ж рана Завые галодны Звер у полі, і павее Сівер той халодны, I пяском засыпле, снегам Курэнь — маю хату. Вось мне гэтак даводзіцца Сустракаці свята! Што ж рабіць? На тое й ліха, Каб з тым ліхам біцца; А ты, дружа мой адзіны, Як маеш нудзіцца,— Прачытай пасланне гэта I знай, што на свеце Толькі й цяжка, што ў пустыні, Ў няволі марнеці... Дый там жывуць, хоць пагана... Што ж рабіць я маю? Час памерці б,— дык надзея, Браце, не ўмірае! Кос-Арал 1848

***

Нібы стэпам чумакі Увосень доўгі шлях мінаюць, Так і мае гады знікаюць; А мне ўсё роўна: я такі Мярэжу кніжкі, начыняю Іх вершамі ды разважаю Дурную галаву сваю. Ды кайданы сабе кую (Як людзі добрыя дазнаюць). Ды ўжо няхай хоць разапнуць, А я без вершаў тых не ўлежу: Я два гады ўжо так мярэжу I трэці ў добры час пачну.