Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 171)
Там да каліны сябе, дзіцятка,
Ты прыхіні!..
Яе любіла, я — твая матка,
Ў былыя дні.
У сёлы пойдзеш, у тыя хаты,
Дык — не нудзі.
А як пабачыш з дзеткамі маці,
Дык не глядзі!..
Кос-Арал
1848
***
Утаптала сцежачку
Цераз яр,
Цераз горы, сэрцайка,
На базар,
Прадавала бублікі
Казакам,
Ўтаргавала, сэрцайка,
Пятака.
Я чатыры капейкі
Прапіла.
За пятую дударыка
Наняла.
Дый зайграй жа, мой дударык,
На дуду,
Няхай сваё горачка
Забуду!
Вось што за дзяўчына я,
Што за я!
Сватай мяне, сэрцайка,
Выйду я!
Кос-Арал
1848
***
I шырокую даліну,
I высокую магілу,
I вячэрнюю гадзіну,
I што снілі, гаварылі —
Не забуду я.
Ды што з таго? Не вянчаліся,
Разышліся, як не зналіся,
А тым часам дарагія
Гады тыя маладыя
Марна адплылі.
Памарнелі мы абое:
Я ў няволі, ты ўдавою,
Не жывем, адно блукаем,
Гады тыя ўспамінаем,
Як раней жылі.
Кос-Арал
1848
***
На гародзе, каля броду,
Барвінак не ўсходзіць.
Чагось дзеўчына да броду
Па ваду не ходзіць.
На гародзе каля тыну
Сохне на тычыне
Хмель зялёны; не выходзіць
Дзяўчына з хаціны.
На гародзе, каля броду,
Стан вярба схіліла.
Зажурылася дзяўчына,
Цяжка затужыла.
Плача, плача ды рыдае,