Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 170)
Адзін утапіўся
У дняпроўскай плыні,
Другога ў Казлове
На кол пасадзілі.
Трэці, Іван Ярашэнка,
Слаўны казачэнька,
З лютае няволі
У Бахчысараі
Брата вызваляе.
Зарыпелі рана дзверы
Вялікае хаты.
«Прачынайся, Кацярына,
Сустракаці брата».
Кацярына ж нечакана
Як загаласіла:
«То не брат мой, а каханы,—
Я табе маніла...»
«Ты маніла?!.» I галоўку
З целам разлучыла
Злая шабля... «Пойдзем, брат мой,
З нячыстае хаты».
Паехалі запарожцы
Ветры ў стэпе сватаць.
Кацярыну-чарнаброўку
Пахавалі ў полі,
Пабраталіся навекі
З запарожскай воляй.
Другая палова 1848
Кос-Арал
***
А з-за гаю сонца ўсходзіць,
За гай і заходзіць;
Па даліне адвячоркам
Казак сумны ходзіць.
Ходзіць ён гадзіну,
Ходзіць ён другую —
З лугу цёмнага чакае
Сваю дарагую.
Не выходзіць здрадлівая,
Забылася недзе...
Цёмным ярам з сабакамі
Пан-гуляка едзе.
Цкуюць яго сабакамі,
Круцяць назад рукі,
Зазнаў казак ад паганых
Смяротнае мукі.
У склеп яго, маладога,
Той пан замыкае,
А дзяўчыну пакрыткаю
Па свету пускае.
Кос-Арал
1848
***
Ой люлі, люлі, мой родны сыне,
Удзень і ўначы.
Пойдзеш, сыночак, па Украіне,
Нас кленучы.
Сыне мой, сыне! Не кляні татку,
Не памяні!
Кляні, мой родны, родную матку,—
Мяне кляні!..
Мяне не стане,— не йдзі ты ў людзі,—
Ідзі ты ў гай:
Гай не спытае, бачыць не будзе —
Там і гуляй!