Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 17)
Таго вяжуць, таго рэжуць,
Той сам сябе губіць...
А за што? Святы іх знае.
Свет, як глянь, шырокі,
Ды няма дзе прыхіліцца
Ў свеце адзінокім.
Таму доля дала месца
Ад краю да краю,
А другому тры аршыны,
Дзе і пахаваюць.
Дзе ж добрыя тыя людзі,
Што сэрца жадала
З імі жыці, іх любіці?
Прапалі, не стала!
Ёсць на свеце доля,
А хто яе знае?
Ёсць на свеце воля,
А хто яе мае?
Ёсць людзі на свеце —
Золатам зіяюць;
Здаецца, пануюць,
А долі не знаюць,—
Ні долі, ні волі!
З нудою ды з горам
Жупан надзяваюць,
А плакаці — сорам...
Забярыце скарбы,
Жывіце ў багацці,
А я вазьму слёзы —
Гора заліваці.
Затаплю нядолю
Дробнымі слязамі,
Затапчу няволю
Босымі нагамі!
Тады я вясёлы,
Тады ўсё — багаццем,
Як сэрцайка будзе
На волі гуляці.
III
Крычаць совы, спіць дуброва,
Зорачкі зіяюць;
Па-над шляхам чарадою
Начніцы гуляюць.
Людзі добрыя паснулі;
Што каго ўтаміла:
Каго — шчасце, каго — слёзы,
Ночка ўсіх пакрыла,
Ўсіх цямненькая пакрыла,
Як дзетачак маці;
Дзе ж Катрусю прыгарнула:
Ці ў лесе, ці ў хаце?
Ці на полі пад капою
Сына забаўляе,
Ці ў дуброве з-пад калоды
Ваўка выглядае?
Бадай жа вас, чорны бровы,
Нікому не меці,
Чым за вас бяду такую
Самахоць цярпеці!
А што йшчэ далей сустрэне?
Будзе ліха, будзе!
Сустрэнецца пясок жоўты
I чужыя людзі;
Сустрэнецца зіма, сцюжа...
А той — ці спаткае,