18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 16)

18
Даруй ты мне, мой галубе, Мой саколе мілы!» «Няхай бог табе даруе Ды добрыя людзі, Памаліся ды йдзі з богам — Мо лягчэй мне будзе».       Пакланілася, устаўшы, Выйшла моўчкі з хаткі; Засталіся сіратамі Стары бацька й матка. У садок пайшла вішнёвы, Малілася богу, Узяла зямлі з-пад вішні Сабе на дарогу; Прашаптала: «Не вярнуся! У далёкім краі, У чужой зямлі чужыя Мяне пахаваюць; А сваёй гэты драбочак Нада мною ляжа, Ды пра долю, маё гора Чужым людзям скажа... Не расказывай, галубка! Дзе б ні пахавалі, Каб на гэтым свеце грэшнай Людзі не чапалі! Ты не скажаш... Вось хто скажа, Што я яго маці! Мой ты божа! Маё гора! Дзе ж мне захавацца? Схаваюся, мая дзетка, Сама пад вадою, А за грэх мой адцярпіш ты Ў людзях сіратою, Бязбацькаўцам!..»       Пайшла вёскай З плачам Кацярына, Завязаўшыся хусцінай, Галубячы сына. Азірнулася, як выйшла, Сэрцайка заныла, Паківала галавою Дый загаласіла. Як таполя, стала ў полі Пры бітай дарозе; Як раса да ўсходу сонца, Пакапалі слёзы. За горкімі за слязамі I свету не бача, Толькі сына прыгартае, Цалуе ды плача. А яно, як ангелятка, Нічога не знае, Ручаняткамі малымі Пазухі шукае.       Села сонца, чуць дзе-нідзе Зоркі зазіялі, Слёзы ўцерла, паплялася... Нікне... знікла ў далі. Доўга ў сяле гаманілі Дасужыя свацці, Ды не чулі тых гамонак Ні бацька, ні маці...       Вось жа як на гэтым свеце Робяць людзям людзі!