Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 15)
Рве ўсякі паволі.
Умывай жа тварык белы
Дробнымі слязамі,—
Маскалікі вярнуліся
Іншымі шляхамі.
II
У канцы стала сядзіць бацька,
На рукі схіліўся;
Не глядзіць ён на свет божы:
Цяжка зажурыўся.
Ля яго старая маці
Сядзіць на услоне,
Са слязамі адно толькі
На дачку гамоне:
«Што, вяселле, мая дочка?
А дзе ж твая пара?
Дзе сваточкі з ручнікамі,
Прыданкі, баяры?
Ў Маскоўшчыне, мая дочка!
Ідзі ж іх шукаці,
Ды не кажы добрым людзям,
Што ў цябе ёсць маці.
Ох, праклятаю часінай
Цябе спарадзіла!
Каб ды знала, да ўсход сонца
Была б утапіла...
Гадзюкавай была б стравай,
Цяпер — маскалёвай...
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Цвеце мой ружовы!
Як ягадку ды як птушку,
Кахала, расціла
На нядолю... Эх, дачушка,
Што ты нарабіла?..
Адплаціла!.. Йдзі, шукай жа
У Маскве свякрухі.
Не слухала маіх радаў,
Дык яе паслухай!
Ідзі, дочка, знайдзі яе,
Знайдзі, прывітайся,
Будзь шчасліва ў чужых людзях,
Да нас не вяртайся!
Не вяртайся, мая дзетка,
З далёкага краю...
А хто ж костачкі мае тут
Без цябе схавае?
Хто заплача нада мною,
Як родная дзетка?
Хто пасадзіць на магіле
Каліну ды кветкі?
Хто без цябе грэшну душу
Будзе памінаці?
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Што болей казаці?
Ідзі ад нас!..»
Ледзьве, ледзьве
Паблагаславіла:
«Бог з табою!» — ды, як мёртва,
Галаву схіліла.
Абазваўся стары бацька:
«Чаго жджэш, нябога?»
Заплакала Кацярына
Ды бух яму ў ногі:
«Даруй ты мне, мой татулька,
Што я нарабіла!