Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 168)
Засуну ў халяву,
Пайду шукаць тую праўду
I громкую славу.
Ой, пайду я не лугамі
I не берагамі,
А пайду я не шляхамі,
А па-над шляхамі;
Ды спытаю ў гандляра я,
Ў багатага пана,
У шляхціца паганага
Ў паганым жупане,
I ў манаха, як трапіцца,—
Няхай не гуляе,
Слова божае чытае,
Людзей навучае,
Каб брат брата не рэзалі
Ды не абкрадалі,
Ды ў салдаты сына ўдоўкі
Каб не аддавалі.
Кос-Арал
1848
***
Па вуліцы вецер вее
Ды снег замятае,
Па вуліцы пападтынню
Удава дыбае
Пад царкву, прасцерла рукі,
Просячы спагады
У тых самых, у багатых,
Што сына ў салдаты
Пазалетась пагалілі.
А жыць меркавала...
Хоць на старасць у нявесткі
Адпачыць жадала.
Але марна!.. Вымаліла
Капейку жанчына —
Ды прачыстай паставіла
Свечачку за сына.
Кос-Арал 1848
С.-Пецярбург (?) 1858
***
Кукавала зязюлечка
У зялёным гаі,
Заплакала дзяўчыначка,
Што мужа не мае.
Дзявочыя маладыя
Вясёлыя леты,
Нібы кветкі за вадою,
Сплываюць са свету.
Як бы былі бацька-маці
Ды жылі ў багацці,
Было б каму палюбіці,
Было б каму ўзяці.
А то няма, сіратою
Вось так і загіну,
Век дзяўчынай у самоце
Дзе-небудзь пад тынам.
Кос-Арал
1848
***
Ой не п’юцца мёд і піва,
Не п’ецца вада,
З чумаком у чыстым полі
Сталася бяда.
Баліць яму галовачка