Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 165)
Цара вам загадаў абраць.
Кос-Арал 1848 —
С.-Пецярбург 1859 года
***
Няўмытае неба, заспаныя хвалі,
Далёка прамераўшы брод,
Няйначай той п’яны, чарот
Без ветру гнецца. Божа жалю!
Яшчэ ці доўга будзе мне
Тут, у нязамкненай турме,
Па-над нікчэмным гэтым морам
Цягнуцца мука? Не гаворыць,
Маўчыць і нікне, бы ўдава,
У стэпе зжоўклая трава;
Не хоча праўданькі сказаць,
А больш няма ў каго спытаць.
Кос-Арал
1848
***
I на чужыне я узрос,
I на чужыне я сівею,—
I даў мне ў адзіноце лёс,
Здаецца, лепшую надзею —
Дняпро, што лашчыць сэрца нам,
Ды нашу слаўную краіну.
Аж бачу — добра толькі там,
Дзе нас няма. Ліхой гадзінай
Мяне дадому пацягло,
I я наведаў Украіну
I тое светлае сяло,
Дзе колісь маці спавівала
Мяне малога і ўначы
На свечку богу зарабляла;
Паклоны цяжкія б’ючы,
Прачыстай ставіла, маліла,
Каб доля добрая любіла
Яе дзіця... О маці, маці,
Чаму ты рана спаць лягла!
А то б ты бога пракляла
За сынаў лёс.
Адны няшчасці
У тым сяле, што я люблю:
Чарней за чорную зямлю
Блукаюць людзі; паўсыхалі
Сады, і хаткі пагнілі,
Старыя да зямлі прыпалі;
Ставы бур’янам параслі.
Сяло, нібыта пагарэла,
Нібыта людзі падурэлі,
На паншчыну нямыя йдуць
I дзетачак сваіх вядуць.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
I я, заплакаўшы, назад
Ізноў паехаў на чужыну.
I не ў адным сяле такім,
А скрозь па слаўнай Украіне
Паны ярмо надзелі ўсім
Працоўным людзям. Гінуць, гінуць
Ў ярме тым рыцараў сыны,
А чорным гандлярам паны,
Братам сваім, прадаць спяшаюць
Ужо апошнія штаны...
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Нядобра дужа, страх нядобра
Тут у пустыні прападаць.