Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 164)
На стан гнуткі? Свята маё!
Адзінае свята!
Як абступяць цябе, доля,
Д зетачкі-дзяўчаты,
Зашчабечуць па своему
Добраму звычаю,—
I мяне мо ненарокам
Дзетачкі згадаюць;
I пра мяне мо якая
Скажа хоць бы ліха.
Усміхніся, маё сэрца,
Ціхенечка-ціха,
Каб ніхто і не пабачыў...
I болей нічога.
А я, долечка, ў няволі
Памалюся богу.
Кос-Арал
1848
***
Калі б мы стрэліся нанова,
Ці ты спужалася б, ці не?
Якое б ціхае ты слова
Знянацку вымавіла мне?
Ніякага. I не пазнала б.
А можа, потым прыгадала б,
Сказаўшы: — Трызнілася ў сне.
А я б табе, мая ты ружа,
Мая ты доля, рад быў дужа!
Пабачыўшы, я б прыгадаў
Вясёлае ды маладое
Былое ліханька ліхое,
I зарыдаў бы, зарыдаў —
Ад горкіх дум, што не праўдзівым,
А сном спадманным адышло,
Слязьмі-вадою прэч сплыло
Святое колішняе дзіва!
Кос-Арал
1848
ПРАРОК
Нібыта праведных дзяцей,
Бог, любячы сваіх людзей,
Паслаў ім на зямлю прарока,
Каб любасць ім апавясціць,
Святому розуму вучыць.
Нібыта наш Дняпро шырокі,
Святыя словы пацяклі,
I ў сэрца падалі глыбока,
I там, нібы агнём, пяклі
Благія душы. Палюбілі
Прарока людзі, скрозь хадзілі
За ім і слёзы ўсё лілі.
А после?.. Людзі, род лукавы,
Гасподнюю святую славу
Растлілі... I чужым багам
Ахвяры блуднікі палілі,
Свайго святога... Гора вам!
На плошчы каменем пабілі
I захадзіліся гуляць,
Святою кроўю шынкаваць.
I праведна гасподзь вялікі,
На вас на лютых, на вас дзікіх,
Кайданы загадаў каваць,
З камення турмы мураваць,
Замест — о люты род, хлуслівы —
Прарока з сэрцам літасцівым,